150 мільёнаў чалавек у Эўропе сутыкнуцца з тэмпэратурай, вышэйшай за 35°, у Беларусі таксама экстрэмальная гарачыня

Сьпякотнае надвор’е ўплывае на заўчаснае высьпяваньне збожжа азімай пшаніцы. Нямеччына, 25 чэрвеня 2026 году

На гэты момант ад сьпёкі найбольш цярпяць Вялікая Брытанія, Нямеччына, Францыя. У Беларусі экстрэмальна высокія тэмпэратуры чакаюцца пасьля выходных.

Паводле разьлікаў агенцтва AFP, чакаецца, што ў пятніцу тэмпэратура, вышэйшая за 35°, закране больш за 150 мільёнаў чалавек у Эўропе, у тым ліку больш за 50 мільёнаў у Нямеччыне і больш за 30 мільёнаў у Францыі.

Сьпёка ў Паўночнай Ангельшчыне. 25 чэрвеня 2026 году

Прагназуюць, што максымальная тэмпэратура перавысіць 30° для больш як 420 мільёнаў чалавек па ўсёй Эўропе (без Турэччыны), што складае каля 70 працэнтаў яе насельніцтва.

Трапічная гарачыня не абміне і Беларусь

Як паведамляе Белгідрамэт, 26 і 27 чэрвеня начныя мінімумы будуць вагацца ад +8° да +17°С, а дзённыя максымумы будуць у межах ад +21° на ўсходзе і паўночным усходзе да +33° на захадзе. Праз моцную сьпякоту для захаду Беларусі на пятніцу і суботу аб’яўлены аранжавы ўзровень небясьпекі.

Пік сьпякоты ў Беларусі прыпадзе на 28–30 чэрвеня (нядзеля — аўторак), днём у гэтыя дні чакаецца ад +26° да +34°, а на захадзе і поўдні +35°...38°. Уначы на значнай тэрыторыі Беларусі тэмпэратура паветра не апусьціцца ніжэй за +20° (так званыя трапічныя ночы).

Што ўскладняе сытуацыю

Аналітыкі адзначаюць, што Эўропа ў барацьбе з экстрэмальнымі тэмпэратурамі мае шэраг праблемаў: старэньне насельніцтва, шчыльныя гарадзкія цэнтры з мноствам будынкаў, не прыстасаваных да экстрэмальнай сьпёкі.

Толькі 19 працэнтаў хатніх гаспадарак у Эўропе маюць кандыцыянэры ў параўнаньні з 90 працэнтамі ў Злучаных Штатах, паведамляе AFP.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як даць рады летняй сьпёцы. 7 парадаў