Хрысьціянская візія: КДБ трымаў парафіян Акалатовіча ў закладніках, каб ціснуць на сьвятара

Іньяцыё Чэфалья, Генрых Акалатовіч, Анджэй Юхневіч, Юзаф Станеўскі

Тым часам улады распрадаюць маёмасьць былога палітвязьня ксяндза Акалатовіча, які выехаў за мяжу.

Новыя дэталі справы ксяндза Генрыха Акалатовіча апублікавала @christianvision — паводле сьведчаньняў былых палітвязьняў, якія перасякаліся зь ім у СІЗА і калёніі.

Сам сьвятар пасьля вызваленьня маўчыць: гэта была адна з умоваў яго выхаду на волю.

Галоўнае новае сьведчаньне тычыцца двух парафіян Акалатовіча: іх затрымалі адначасова зь сьвятаром і каля дзевяці месяцаў трымалі ў СІЗА КДБ, дамагаючыся паказаньняў пра нібыта сустрэчы ксяндза з замежнымі дыпляматамі.

Паводле крыніц, сьледчы ціснуў на Акалатовіча праз гэтых людзей: калі б ён «любіў сваю паству», то даў бы паказаньні з прызнаньнем віны.

У артыкуле «Хрысьціянскай візіі» таксама ўпершыню называецца імаверны сьледчы ў справе Акалатовіча — 38-гадовы супрацоўнік КДБ Аляксандар Казееў.

Выставілі на продаж яшчэ некалькі абразоў, арыштаваных у ксяндза Акалатовіча

Сярод новых лотаў: абраз «Вялікапакутніца Параскева Пятніца» і абраз «Маці Божая Трох Радасьцяў», піша @christianvision.

Ідзецца пра маёмасьць каталіцкага сьвятара Генрыха Акалатовіча, якую ўлады надалей распрадаваюць для пагашэньня нібыта даўгоў пасьля ягонага вызваленьня з турмы і вымушанага выезду зь Беларусі.

Акрамя таго, на таргі паўторна выстаўлены абраз «Паўстаньне Хрыста ад гробу». Раней яго пачатковая цана складала 4000 BYN, цяпер лот выстаўлены за 3200 BYN.

Раней у ксяндза Генрыха Акалатовіча ўжо арыштавалі і выстаўлялі на продаж аўтамабіль, зямельны надзел і старажытныя абразы.

Хто такі Генрых Акалатовіч

Затрымалі сьвятара з Валожына Генрыха Акалатовіча 16 лістапада 2023 году. Сёлета 8 красавіка Генрых Акалатовіч сустрэў у зьняволеньні 65 гадоў.

Акалатовіча асудзілі на 11 гадоў зьняволеньня паводле 356 артыкулу Крымінальнага кодэксу аб «здрадзе дзяржаве». Віны сьвятар не прызнаў. Падчас сьледзтва палітвязень змог паведаміць на волю, што яго абвінавацілі ў «здрадзе» на карысьць Ватыкану і Польшчы, а пра справу сказаў, што «там няма ані слова праўды». Таксама ксёндз падкрэсьліў, што зь дзясяткаў сьведак, сярод якіх ёсьць чыноўнікі і вайскоўцы, ніхто ня даў супраць яго «выкрывальных паказаньняў».

Пра вызваленьне сьвятароў Генрыха Акалатовіча і Анджэя Юхневіч, асуджаных на 11 і 13 гадоў калёніі адпаведна, паведамілі ў лістападзе 2025 году.

Сам сьвятар па-ранейшаму ў Рыме, куды яго вывезьлі разам з айцом Анджэем Юхневічам адразу па вызваленьні. Яны працягваюць аднаўляцца пасьля доўгага зьняволеньня.

Чаму гэта важна

У Беларусі жорсткія рэпрэсіі пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя акцыі пратэсту супраць фальсыфікацыі іх вынікаў. Пад палітычна матываваны перасьлед трапілі ўдзельнікі пратэстаў, цэлыя прафэсійныя групы і грамадзкія арганізацыі.

Згодна з дасьледаваньнем ініцыятывы BelPol, агульная колькасьць рэпрэсаваных у Беларусі з траўня 2020-га, калі пачалася прэзыдэнцкая выбарчая кампанія, па красавік 2026-га складае ня менш за 500 тысяч.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, за кратамі ў Беларусі знаходзяцца сама меней 869 палітычных зьняволеных. Кожны месяц такі статус атрымліваюць па 30–50 новых вязьняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Хроніка перасьледу 24 чэрвеня: з аўкцыёну прадалі лецішча праваабаронцы Хільмановіча. На чарзе яго кватэра