Васіля Верамейчыка, асуджанага да 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, утрымліваюць у шклоўскай папраўчай калёніі № 17. Паводле жонкі палітвязьня Яўгеніі, яшчэ ў СІЗА КДБ Васіль скардзіўся на задышку і боль у грудзях. Пасьля этапаваньня ў калёнію яго абсьледавалі, зрабілі ўльтрагукавое дасьледаваньне сэрца, прызначылі кропельніцы і лекі — у прыватнасьці аспэкард, клопідагрэл, аторвастатын і мэтапралол.
Сям’я перадала гэтыя зьвесткі кардыёлягам. Паводле Яўгеніі, лекары прыйшлі да высновы, што прызначаныя лекі і мэдычны пратакол могуць сьведчыць пра сур’ёзнае сардэчна-судзіннае захворваньне, магчыма ішэмічнай прыроды, або пра інфаркт ці перадынфарктны стан.
«Нам невядомы дакладны дыягназ. І, на жаль, гэты дыягназ невядомы нават самому Васілю», — тлумачыць Яўгенія.
Яна расказвае, што інфармацыю пра стан мужа сям’я зьбірала «па кроплях». Частку зьвестак пасьпеў паведаміць сам Васіль падчас тэлефанаваньня. Цяпер, паводле Яўгеніі, сувязі зь ім няма.
Яна адзначае, што сям’я пэўны час не апублічвала зьвесткі пра стан Васіля, бо спадзявалася, што Верамейчыка ўсё ж перавязуць у шпіталь пры СІЗА ў Калядзічах. Перавод плянаваўся на 6 чэрвеня.
«Але нешта пайшло ня так. Да шпіталя Васіль не дабраўся. Замест гэтага яго кінулі ў ШЫЗА», — кажа жонка палітвязьня.
Пасьля штрафнога ізалятара, паводле Яўгеніі, Верамейчыка перавялі ў ПКТ — памяшканьне камэрнага тыпу. Блізкія баяцца, што без належнай мэдычнай дапамогі стан Васіля можа стаць крытычным.
«Мы ведаем, што Васіль вельмі трывалы, вельмі моцны. Ён з тых людзей, якія могуць жыць у намёце, харчавацца чым давядзецца, і гэта яго не ламае. Але хворае сэрца — гэта тое, што яму непадуладна. Без належнай мэдычнай дапамогі і без абсьледаваньняў яно можа проста зламацца ў адзін момант, не вытрымаць — і ўсё», — турбуецца Яўгенія.
Умовы, у якіх цяпер утрымліваюць Васіля Верамейчыка, яна апісвае, як «абсалютна нечалавечыя»:
«Ён знаходзіцца ў сьпісе „экстрэмістаў“, таму пазбаўлены ўсяго. У яго няма ніякіх перадачаў. Харчаваньне ня проста жудаснае — гэта фактычна адсутнасьць харчаваньня. Ён не атрымлівае нават банальнай сэзоннай гародніны, якая ў Беларусі павінна быць таннай: морквы, цыбулі, буракоў. Пра садавіну я ўжо проста не кажу. Фактычна ежы для яго проста няма».
Васілю Верамейчыку 35 гадоў. Ён выпускнік Вайсковай акадэміі Беларусі, былы баец палку Каліноўскага і намесьнік камандзіра батальёну «Волат». У лістападзе 2024 году яго затрымалі ў Віетнаме і перадалі беларускім уладам. У Беларусі Верамейчыка асудзілі да 13 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму паводле 12 крымінальных артыкулаў. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.