Доля онлайн-гандлю ў раздробным тавараабароце Беларусі ў 2021–2025 гадах вырасла ў 2,4 раза — з 5,8% да 14,1%. За апошні год рост такога гандлю склаў 2,4%. У грошах тавараабарот у гэтым галіне перавысіў 14 млрд рублёў, яна працягвае дынамічна расьці.
Больш за чвэрць (25,8%) усяго аб’ёму продажаў-пакупак у сеціве летась прыйшлося на адзеньне.
У топ-5 самых папулярных у беларусаў тавараў таксама ўвайшлі:
- электрабытавыя прыборы і інструмэнты (16,1%);
- аўтазапчасткі (7,4%);
- будаўнічыя матэрыялы (6,7%);
- парфумэрна-касмэтычная прадукцыя і тавары для туалету (4,9%).
Онлайн-гандаль у Беларусі
Паводле зьвестак Эўразійскага банку разьвіцьця ў 2025-м, больш за 40% рынку беларускага онлайн-гандлю прыпадаюць на расейскія плятформы Wildberries і Ozon. Пры гэтым рынак электроннай камэрцыі ўвесь час паказвае рост, і доля расейскіх гульцоў можа расьці далей, асабліва ва ўмовах санкцый, калі пляцоўкі з іншых краінаў ня могуць лёгка зайсьці на беларускі рынак і скласьці канкурэнцыю.
Рост расейскіх пляцовак уражваў. Толькі за 2024 год продажы Wildberries у Беларусі вырасьлі ажно на 40%.
Цікава прасачыць і за дынамікай онлайн-продажаў у краіне. У 2020-м годзе таваразварот у інтэрнэт-крамах складаў 2,7 мільярда рублёў, у 2023-м 5,8 мільярда рублёў. Цяперашняя лічба грошай у галіне, якая складае 14 мільярдаў, больш як у 5 разоў перавышае паказьнік шасьцігадовай даўніны.
Найбольш папулярныя беларускія онлайнавыя пляцоўкі — Lamoda. by, 5element. by, deal. by.
Найбуйнейшая кампанія на заходнім рынку — Amazon. З 2022 году яна прыпыніла пастаўкі тавараў у Беларусь і Расею празь міжнародныя абмежаваньні, зьвязаныя з вайной супраць Украіны.