Ціханоўская заявіла, што 2026–2027 гады могуць стаць вырашальнымі для Беларусі, Украіны і Эўропы ў цэлым

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Сьвятлана Ціханоўская выступіла з праграмнай прамовай на тэмы міжнароднай бясьпекі і дэмакратыі.

Пра будучыню Беларусі і Эўропы, вайну Расеі супраць Украіны, ролю беларусаў у эўрапейскай бясьпецы, а таксама пра адказнасьць новага пакаленьня эўрапейцаў за абарону дэмакратыі заявіла Сьвятлана Ціханоўская 22 чэрвеня ў выступе перад выпускнікамі Калегіі Эўропы ў Натоліне (Варшава).

Пра гэта паведаміў «Позірку» галоўны дарадца палітыка Францішак Вячорка.

«Я маю моцнае адчуваньне, што гэты і наступны год могуць стаць вырашальнымі — для Эўропы, для Ўкраіны, для Беларусі і для самой дэмакратыі. І ўсё можа пайсьці ў любы бок — у добры або ў дрэнны», — адзначыла Ціханоўская.

Асобна яна падкрэсьліла значэньне Беларусі для бясьпекі рэгіёну.

«Калі мяне пытаюць, чаму Беларусь важная, я адказваю проста: паглядзіце на мапу. Беларусь — гэта тысяча кілямэтраў мяжы з Эўразьвязам, ключавая інфраструктура і адзін з цэнтральных элемэнтаў расейскай ваеннай машыны. Але адначасова гэта і яе самае слабое зьвяно», — падкрэсьліла яна.

Ціханоўская заявіла, што большасьць беларусаў не падтрымлівае вайну і «не падзяляе расейскіх імпэрскіх амбіцыяў».

«Вельмі важна адрозьніваць беларускае грамадзтва, якое адкідае вайну, ад рэжыму, які стаў саўдзельнікам Пуціна», — дадала палітык.

Камэнтуючы апошнія крокі Ўкраіны ў дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, Ціханоўская сказала:

«Сёньня Ўкраіна размаўляе з Лукашэнкам з пазыцыі сілы. І гэта добры прыклад для Захаду: дыктатараў немагчыма задобрыць. Зь імі трэба гаварыць мовай рашучасьці і патрабаваньняў».

Яна таксама падкрэсьліла, што мэтаю міжнароднай супольнасьці павінна быць «не выратаваньне Лукашэнкі ад Пуціна, а выратаваньне Беларусі ад абодвух».

«Наша задача — не ратаваць Лукашэнку ад Пуціна, — удакладніла яна. — Наша задача — выратаваць Беларусь і ад Лукашэнкі, і ад Пуціна. І не дазволіць дыктатарам уцягнуць Беларусь у вайну».

Асобная частка прамовы была прысьвечана «ўстойлівасьці беларускага грамадзтва пасьля 2020 году», паведаміў Вячорка.

Ціханоўская, паводле яго, адзначыла, што «беларускі дэмакратычны рух выкарыстоўвае ўсе магчымасьці, каб прадстаўляць і абараняць інтарэсы беларусаў».

Зьвяртаючыся да выпускнікоў Калегіі Эўропы, яна «заклікала іх не забываць пра Беларусь і абараняць каштоўнасьці, на якіх пабудаваны Эўрапейскі Зьвяз».

«Памятайце: дэмакратыя — гэта не абстрактнае паняцьце. Гэта каштоўнасьць, якую трэба абараняць кожны дзень. Пагроза дэмакратыі ў адной краіне — гэта пагроза дэмакратыі паўсюль», — падкрэсьліла палітык.

Чым вядомая Калегія Эўропы

Калегія Эўропы (College of Europe, Kolegium Europy) — адна з найбольш прэстыжных эўрапейскіх установаў вышэйшай адукацыі, якая рыхтуе спэцыялістаў для працы ў інстытутах ЭЗ, дыпляматыі і міжнародных арганізацыях. Кампус у Натоліне (Варшава) спэцыялізуецца на пытаньнях Усходняй Эўропы, суседзтва ЭЗ, бясьпекі і міжнародных дачыненьняў.

Сярод выпускнікоў калегіі — прэм’ер-міністры, міністры, эўракамісары, дыпляматы й кіраўнікі міжнародных арганізацыяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Як у Менску адрэагавалі на ўльтыматум Зяленскага
  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.
  • Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 19 чэрвеня абвінаваціў Беларусь у тым, што на яе мяжы з Украінай ёсьць абсталяваньне, якое расейцы выкарыстоўваюць для карэктаваньня атак на Ўкраіну. Палітык заклікаў непрызнанага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку прыбраць абсталяваньне цягам тыдня, іначай Беларусь чакаюць наступствы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Што будзе, калі Лукашэнка ня выканае ўмовы Зяленскага?