Кавалеўскі: І ўлады, і дэмакратычныя сілы аб’ядноўвае адна мэта — пазьбегнуць вайны

Валер Кавалеўскі

Пасьля ўльтыматуму прэзыдэнта Ўкраіны Зяленскага Лукашэнку ўсё больш актуальным становіцца пытаньне: ці ўдасца Беларусі застацца па-за межамі ваеннага канфлікту.

Якія крокі могуць дапамагчы пазьбегнуць эскаляцыі, якую ролю ў гэтым могуць адыграць міжнародныя арганізацыі і што павінны рабіць як беларускія ўлады, так і дэмакратычныя сілы? Пра гэта ў эфіры праграмы «ПіК Свабоды» разважае кіраўнік Агенцтва эўраатлянтычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі.


00:00 – Ці пагражае Беларусі ўльтыматум Зяленскага
05:36 – Ці можа Лукашэнка стаць «новым Манэргеймам». Вадзім Кабанчук
07:07 – Ці пралічыў Зяленскі наступныя крокі. Уладзімір Фясенка
13:03 – Якія задачы перад Лукашэнкам і дэмсіламі, каб ня даць уцягнуць Беларусь. Валер Кавалеўскі
17:00 – Роля ЗША, Кітаю і ЭЗ у прадухіленьні эскаляцыі.
21:34 – Каму выгадна, каб Беларусь уцягнулі ў вайну. Юры Дракахруст
24:21 – Арцём Брухан: круглы стол як шлях да міру
33:12 – Беларускія НПЗ, верагодныя новыя патрабаваньні і што будзе далей

— Якая цяпер асноўная задача стаіць перад уладамі Беларусі і ўсімі дэмакратычнымі сіламі, каб не дапусьціць уцягваньня Беларусі ў паўнамаштабную вайну?

— На сёньняшні дзень галоўная задача — не дапусьціць уцягваньня Беларусі ў вайну. Думаю, гэта тое, што аб’ядноўвае і беларускія ўлады, і дэмакратычную апазыцыю ў выгнаньні: пазьбегнуць ваеннага канфлікту і не дазволіць, каб Беларусь стала яго ўдзельніцай.

У гэтым сэнсе я бачу, што беларускі рэжым даволі пасьлядоўна працуе над гэтай задачай не толькі апошнія дні, але і апошнія месяцы. Усе заявы эскаляцыйнага і канфрантацыйнага характару з боку Кіева на адрас Менска заставаліся без адказу. Гэта спрыяла таму, што сытуацыя не перайшла ў фазу эскалацыі.

Што датычыцца дэмакратычных сіл, то ў іх пасылах ёсьць думка, што ў выпадку вайны або ваенных дзеяньняў адказнасьць будзе ляжаць на Аляксандры Лукашэнку. Аднак у гэтым пасыле, на мой погляд, не хапае закліку і да ўкраінскага боку зрабіць усё магчымае, каб пазьбегнуць ваеннага супрацьстаяньня. Гэта тое, што неабходна дадаваць у публічную рыторыку.

Пра гэта гавораць і іншыя — актывісты, былыя дыпляматы, якія заклікаюць разглядаць сытуацыю праз прызму міжнароднага права. На сёньня Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай канфлікту. Калі Украіна нанясе ўдар па Беларусі, гэта будзе аднабаковая акцыя.

Пакуль няма фактычных доказаў таго, пра што заяўляе ўкраінскі бок. Я не сьцьвярджаю, што падстаў для занепакоенасьці не існуе, але Украіна пакуль не выкарыстала ўсе міжнародныя мэханізмы, створаныя для прадухіленьня канфліктаў і падтрыманьня міру і бясьпекі.

Увечары адбудзецца пасяджэньне Рады Бясьпекі ААН, дзе будзе разглядацца і гэтае пытаньне. Думаю, гэта важная пляцоўка для абмеркаваньня магчымай дээскаляцыі. У пасяджэньні таксама плянуецца ўдзел пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова. Гэта той момант і тое месца, дзе бакі могуць лепш зразумець адзін аднаго і, магчыма, пазьбегнуць канфлікту.

Калі вяртацца да галоўнага, трэба зрабіць усё дзеля таго, каб выключыць уцягваньне Беларусі ў вайну. Гэта азначае і неабходнасьць дээскаляцыі, у тым ліку недапушчэньне ўдараў па тэрыторыі Беларусі.

— Якія непублічныя крокі цяпер можа рабіць афіцыйны Менск і што ён можа зрабіць да пятніцы?

— Думаю, што важна і рэжыму пайсьці на пэўныя саступкі, больш уважліва разгледзець праблему з рэтрансьлятарамі і ацаніць, якія рашэньні магчымыя.

Зразумела, для ўладаў будзе важна не дапусьціць аслабленьня сваіх пазыцый і захаваць палітычны твар. Але разам з тым, на маю думку, непублічна рэжым будзе зьвяртацца да міжнародных арганізацый, у тым ліку да АБСЭ і ААН.

Мы ўжо бачылі на мінулым тыдні адпаведны зварот прадстаўніка Беларусі пры АБСЭ Андрэя Дапкюнаса. Магчыма, будуць задзейнічаныя і кантакты з сакратарыятам ААН у Нью-Ёрку.

Таксама ў неафіцыйныя кансультацыі могуць быць уцягнутыя эўрапейскія краіны, Эўрапейскі саюз і Злучаныя Штаты. Галоўная мэта такіх кантактаў — не дапусьціць пашырэньня канфлікту да рэгіянальнага маштабу, бо пакуль ён застаецца ў межах двухбаковага супрацьстаяньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«ПіК Свабоды». Што будзе, калі Лукашэнка ня выканае ўмовы Зяленскага?