Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр 22 чэрвеня заявіў, што ідзе у адстаўку. Ён застанецца на сваёй пасадзе да абраньня новага лідэра лейбарысцкай партыі.
Як заявіў Стармэр, лейбарысты далі адказ на пытаньне, ці лічаць яны яго найбольш прыдатным чалавекам на пасаду лідэра партыі на наступных выбарах, ён пачуў гэты адказ і прыняў рашэньне сысьці. З словаў прэмʼера, ён ужо паінфармаваў караля Карла III аб сваім рашэньні.
Паводле Стармэра, 9 ліпеня афіцыйна пачнецца кампанія абраньня новага лідэра лейбарысцкай партыі, які і стане будучым прэмʼерам. Да 16 ліпеня мае стаць вядома, якія кандыдатуры вылучаны. Многія камэнтатары адзначаюць, што, падобна, адзіным кандыдатам стане нядаўна зноў абраны ў Палату грамадаў былы мэр Манчэстэру Эндзі Бэрнэм — найбольш папулярны палітык-лейбарыст. У гэтым выпадку Стармэр перадасьць яму паўнамоцтвы ўжо ў ліпені. Калі ж у Бэрнэма будуць супернікі, то чакаецца, што новага прэмʼера вызначаць да верасьня.
Лейбарысты пад кіраўніцтвам Стармэра два гады таму атрымалі пераканаўчую перамогу на выбарах. Аднак іх папулярнасьць рэзка ўпала ад эканамічных праблемаў, росту напружанасьці, зьвязанай зь нелегальнай міграцыяй, скандалу з прызначэньнем на пасаду амбасадара ў ЗША Пітэра Мандэльсана, які выявіўся сябрам Джэфры Эпштэйна.
Ціханоўская тройчы сустракалася з Стармэрам
Сьвятлана Ціханоўская ўпершыню сустрэлася з Стармэрам у сакавіку 2023 году, калі яго лейбарысцкая партыя знаходзілася ў апазыцыі. Тады абмяркоўвалі пытаньні санкцыяў, прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці, дапамогі дэмакратычнаму руху.
У ліпені 2024 году Ціханоўская правяла перамовы з Стармэрам ужо як з прэмʼер-міністрам Вялікай Брытаніі.
Яшчэ адна іх сустрэча адбылася 2 чэрвеня 2026 ў Лёндане.
Прэсавая служба ўраду Вялікай Брытаніі тады паведаміла, што прэм’ер-міністар Кір Стармэр у пачатку размовы зь Сьвятланай Ціханоўскай «падкрэсьліў падтрымку Вялікай Брытаніі свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, асудзіў пастаянныя нападкі Лукашэнкі на дэмакратыю і ўтрыманьне пад вартай палітычных зьняволеных у краіне, пацьвердзіў нязьменную падтрымку Вялікай Брытаніі выкарыстаньня санкцый для пастаяннага ціску на рэжым».