Беларускія банкі пачалі масава патрабаваць геалякацыю сваіх кліентаў. Навошта і наколькі гэта бясьпечна

Ілюстрацыйнае фота

З 1 ліпеня кліенты беларускіх банкаў абавязаныя будуць даваць доступ да сваёй геалякацыі, каб карыстацца інтэрнэт-банкінгам. Расказваем, хто акажацца ў больш уразьлівым становішчы, чаму сілавікам не патрэбная гэтая інфармацыя і адкуль яны раней бралі зьвесткі пра месца знаходжаньня людзей.

З 1 ліпеня кліенты беларускіх банкаў абавязаныя падаць банкам інфармацыю пра сваю геалякацыю. Інакш нельга будзе зайсьці ў свой інтэрнэт-банкінг. Банкі тлумачаць гэта барацьбой з махлярствам і абаронай кліентаў ад непажаданых апэрацыяў іншых людзей.

У Нацыянальным банку Беларусі патлумачылі навацыю тым, што за кожным кліентам замацоўваецца «лічбавы адбітак прылады», у які ўваходзіць ня толькі геалякацыя, але і мадэль гаджэту, вэрсія праграмнага забесьпячэньня, налады браўзэру. Калі іншы чалавек скрадзе пароль ад інтэрнэт-банкінгу і паспрабуе ўвайсьці туды й правесьці нейкую апэрацыю, банк гэта заўважыць і спыніць такую апэрацыю. Пры гэтым прыладаў, зь якіх кліент заходзіць у свой інтэрнэт-банкінг, можа быць некалькі, іх колькасьць не абмежаваная.

Сядзіба Нацыянальнага банка ў Менску. Архіўнае фота

У Нацыянальным банку запэўніваюць, што гэтыя «лічбавыя адбіткі» будуць захоўвацца ў зашыфраваным выглядзе і нікому іх перадаваць ня будуць.

Ці можна разглядаць запыт банкаў на геалякацыю кліентаў як узмацненьне сыстэмы сачэньня за беларусамі? На думку Ўладзімера Жыгара, доступ банкаў да геалякацыі кліента не патрэбны сілавікам.

«Уявіце, які гэта вар’яцкі аб’ём інфармацыі, якую трэба некаму аналізаваць, трэба недзе яе захоўваць, сартаваць і ўрэшце для нечага прымяняць. Ну ведаюць яны пра знаходжаньне чалавека ў пэўным месцы. Гэта ж вялізны аб’ём інфармацыі, вялізная колькасьць людзей, у якіх часам не па адной банкаўскай картцы. Гэта проста бескарысная інфармацыя. Калі будзе нейкі кол-цэнтар у Менску на некалькі дзясяткаў тысяч работнікаў, якія, як у Оруэла, будуць сядзець і глядзець за кожным чалавекам. Такога пакуль што няма», — разважае ён.

Крыніцы інфармацыі пра месца знаходжаньня чалавека

Сілавікі могуць даведацца, дзе знаходзіцца чалавек у Беларусі, дакладней, ягоны тэлефон, і без інфармацыі ад банкаў. Такія зьвесткі падае аўтаматызаваная база «Маяк», якая атрымлівае інфармацыю ад мабільных апэратараў. Яна працуе з 2016 году, тлумачыць Уладзімер Жыгар.

Калі сілавікам трэба даведацца, дзе чалавек (ягоны тэлефон) знаходзіўся, прыкладам, месяц таму, то яны робяць запыт да мабільных апэратараў. Тыя падаюць раздрукоўкі або дыск з дадзенымі. Такую інфармацыю можна атрымаць толькі з дазволу пракуратуры.

Уладзімер Жыгар

Аднак у выпадку беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой і працягваюць карыстацца інтэрнэт-банкінгам сваіх беларускіх рахункаў, дазвол бачыць іхную геалякацыю раскрывае месца іхнага побыту больш-менш дакладна (калі раней яны хавалі, дзе жывуць).

«Гэта нядобра. Бо пры аналізе інфармацыі, якая мае дачыненьне да пэўнага чалавека, можна дзякуючы геалякацыі высьветліць ягоныя ўлюбленыя крамы, улюбленыя месцы, якія ён наведвае. Можна сур’ёзна звузіць радыюс пошуку месца знаходжаньня пэўнага чалавека», — мяркуе Ўладзімер Жыгар.

Наколькі дакладна паказваецца геалякацыя?

Месца побыту чалавека паказваецца ў сотах, на якія разьдзяляюць тэрыторыю мабільныя апэратары. Іх памер адрозьніваецца. У цэнтры Менску даўжыня соты можа быць 100–500 мэтраў, а ў меншых гарадах — некалькі кілямэтраў.

«У „Маяку“ было больш дакладна. Калі ў свой час ты браў выпіску з нумару МТС, то чалавек мог знаходзіцца ў адным месцы, але адначасова захопліваць некалькі вышак, якія працавалі. Умоўна ён мог знаходзіцца пад некалькімі адрасамі адначасова — гэта былі адрасы вышак», — камэнтуе былы міліцыянт.

У якіх выпадках сілавікі сочаць за геалякацыяй чалавека?

Актуальная інфармацыя пра месца побыту чалавека можа быць патрэбная сілавікам, калі яго, напрыклад, хочуць затрымаць або дапытаць, калі чалавек можа быць датычны да нядаўняга злачынства і ў іншых сытуацыях, калі ёсьць «апэратыўная неабходнасьць», тлумачыць Жыгар.

Як «схавацца» ад сыстэмы сачэньня праз мабільных апэратараў?

Трэба выключыць тэлефон і пажадана ўвогуле не знаходзіцца побач зь ім фізычна.

«Усё роўна могуць быць пэўныя сыгналы. Ён можа ўсё роўна недзе „адстрэліць“ соту», — прадстаўнік BelPol папярэджвае, што нават выключаны тэлефон можа выдаць лякацыю ягонага ўласьніка.

Вышкі мабільнай сувязі. Ілюстрацыйнае фота

Якую інфармацыю сілавікі часьцей запытваюць у банкаў?

З словаў Уладзімера Жыгара, сілавікі запытваюць у банкаў зьвесткі пра атрыманьне грошай чалавекам, прыкладам, за апошнія два гады. Сьпісаньне сродкаў, ці браў чалавек крэдыты, ці мае ён увогуле рахунак у гэтым банку. Пры гэтым Сьледчы камітэт можа запытваць такую інфармацыю, калі ўжо заведзеная крымінальная справа, а міліцыя — нават калі справы няма, а толькі ідзе праверка.

«Ты можаш атрымаць любую інфармацыю, якая цябе цікавіць, бо гэта санкцыянавана пракурорам», — адзначае Ўладзімер Жыгар.

У якіх выпадках банкі перададуць гэтую інфармацыю сілавікам?

Банкі перадаюць сілавікам інфармацыю пра сваіх кліентаў, калі Сьледчы камітэт дасылае туды адпаведны запыт з подпісам пракуратуры, камэнтуе Жыгар.

Банкі маюць імя і прозьвішча кліента, пашпартныя зьвесткі, грамадзянства, адрасы рэгістрацыі і жыхарства, нумар тэлефону, email, інфармацыю пра даходы, месцы працы, маёмасьць, крэдытную гісторыю, дэталёвую інфармацыю пра трансакцыі, пераводы, сумы на рахунках, укладах.

Ці ў іншых краінах банкі запытваюць геалякацыю сваіх кліентаў?

Так, у некаторых эўрапейскіх краінах банкі могуць запытаць месца знаходжаньня чалавека, прыкладам, каб паказаць бліжэйшыя да яго банкаматы. Аднак падаваць зьвесткі пра месца побыту — не абавязковая ўмова, каб карыстацца інтэрнэт-банкінгам.

У Польшчы апошнімі гадамі банкі сталі часьцей пытаць у кліентаў пра крыніцы даходаў, чаму чалавек атрымаў буйны даход, пра іншую маёмасьць, пра месца працы. У 2022 годзе стварылі Сыстэму фінансавай інфармацыі (SInF), якая дае доступ розным дзяржаўным арганізацыям, а ня толькі падатковай інспэкцыі, да зьвестак пра банкаўскія, плацежныя рахункі, рахункі каштоўных папераў, асабістыя сэйфавыя ячэйкі. Улады гэта тлумачылі бясьпекай людзей і фінансавых арганізацыяў, мэтай перадухіліць «адмываньне грошай», «фінансавы тэрарызм», небясьпечныя апэрацыі з «рызыкоўнымі» краінамі.

Большы доступ да інфармацыі пра фінансы жыхароў Польшчы выклікаў незадавальненьне часткі грамадзтва тым, што ўлады больш кантралююць прыватнае жыцьцё. Сэнат спрабаваў заблякаваць закон аб стварэньні новай сыстэмы фінансавай інфармацыі, але яго ўсё адно прынялі.