Дата дня
21 чэрвеня 1941 году ў Ньюкасьле-на-Тайне нарадзіўся Арнольд Макмілін, ангельскі дасьледнік беларускае мовы і літаратуры, чые кнігі не маглі перавыдавацца ў Беларусі за савецкім часам, бо аўтар ня быў скаваны цэнзурнымі рамкамі. Удзельнік Англа-беларускага таварыства.
Арнольд Макмілін — прафэсар-славіст зь Лёндану. Першую манаграфію пра Беларусь выдаў у 1971 годзе, яна называлася «Беларуская літаратурная лексыка XIX стагодзьдзя». Таксама выдаў кнігу «Напісанае ў халодным клімаце: беларуская літаратура ад 1970-х гадоў да нашых дзён».
Сярод ягоных кніг, напрыклад, манаграфія «Рунь» — дасьледаваньне творчасьці маладых беларускіх паэтаў пачатку ХХІ стагодзьдзя. Пад увагай брытанскага філёляга-славіста апынуліся маладыя паэты Анатоль Івашчанка, Віталь Рыжкоў, Ганна Чумакова, Сяргей Прылуцкі, Ганна Новік, Віктар Сямашка.
Пазьней Макмілін напісаў кнігу «Адмова ад традыцыі: кароткая беларуская проза на пачатку ХХІ стагодзьдзя».
У 2021 годзе пабачыла сьвет выданьне «Паэзія і пародыя ў Беларусі і Брытаніі: дзьве культурныя традыцыі». Арнольд Макмілін уваходзіць у пералік найвыбітнейшых замежных дасьледнікаў беларускай літаратуры.
Вокладка адной з кніг Арнольда Макміліна
Таксама ў гэты дзень
1503 — Ваўкавыск указам вялікага князя Аляксандра атрымаў магдэбурскае права.
1881 — пажар у Менску зьнішчыў палову драўлянай забудовы гораду.
1912 — у „Нашай Ніве“ надрукаваная паэма Янкі Купалы „Курган“.
1930 — мэдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту рэарганізавалі ў Менскі мэдычны інстытут (з красавіка 2001 году — Беларускі дзяржаўны мэдычны ўнівэрсытэт).
1961 — у Бярозе заснавалі гісторыка-краязнаўчы музэй. Адкрыты для наведнікаў 3 лістапада 1965 году.
У гэты дзень нарадзіліся
1741 — францускі і беларускі прыродазнавец, хірург, анатам Жан Эманюэль Жылібэр, доктар мэдыцыны (1763). У 1775-1781 гг. заснаваў першую ў Беларусі Горадзенскую мэдычную акадэмію, а таксама акушэрскую і вэтэрынарную школы, клінічны шпіталь, батанічны сад у Горадні.
1864 — беларускі этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі, сапраўдны член Інбелкульту (1925), аўтар нарысу «Беларусы-палешукі», у якім апісаны звычаі і вераваньні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Дасьледаваў прылады працы земляробаў, звычаі беларусаў, вывучаў дыялекты беларускай мовы.
1879 — беларускі музыказнаўца, публіцыст, пэдагог Юльян Дрэйзін. Займаўся пэдагагічнай і музычна-асьветніцкай дзейнасьцю ў Магілёве, у 1925–1935 гг. выкладаў гісторыю музыкі, лацінскую і грэцкую мовы. Аўтар лібрэта камічнай опэры Мікалая Аладава «Тарас на Парнасе», укладальнік слоўніка «Музычныя тэрміны».
1905 — францускі філёзаф-экзыстэнцыяліст, літаратар Жан-Поль Сартр. Быў адным з самых вядомых і ўплывовых мысьляроў сучаснасьці.
1908 — беларускі літаратуразнаўца і крытык Сьцяпан Майхровіч. Асноўныя працы прысьвечаныя беларускай літаратуры XIX ст.
1935 — ва ўкраінскім Крывым Розе нарадзілася беларуская артыстка эстрады Нэлі Багуслаўская, заслужаная артыстка Беларусі. З 1962 па 1987 гг. працавала салісткай Беларускай філярмоніі. Выконвала песьні на вершы Юрыя Семянякі, Міколы Яцкова, Леаніда Захлеўнага, Ігара Лучанка і іншых беларускіх кампазытараў. Памерла ў 2018 годзе, пахаваная на Ўсходніх могілках у Менску побач з мужам Ізмаілам Капланавым.
1955 — беларускі гісторык і палітык Валянцін Голубеў. Доктар гістарычных навук, прафэсар. Дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, каардынатар Апазыцыі БНФ, адзін з аўтараў Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.
У памяці
1835 — Ян Рустэм, мастак, стваральнік Віленскай мастацкай школы.
1860 — Мікола Маркевіч, украінскі гісторык і этнограф.
1937 — Мікалай Галадзед, старшыня Саўнаркаму БССР. Паводле афіцыйнай вэрсіі, выкінуўся з вакна 5-га паверху будынку НКВД у час допыту.
Мікалай Галадзед
1992 — Валеры Сьлюнчанка, беларускі архітэктар, мастак і рэстаўратар.
1967 — у Вільні памёр Фэлікс Стацкевіч, грамадзка-культурны дзяяч.
2022 — Сяргей Гардун, праваслаўны сьвятар, багаслоў, адстойваў набажэнствы па-беларуску, камэнтаваў іх у тэлевізіі.