Да канца году наземны грамадзкі транспарт Менску цалкам адмовіцца ад папяровых талёнчыкаў. Пра гэта заявіў генэральны дырэктар «Менсктрансу» Канстанцін Галалобаў у этэры АНТ.
Паводле яго слоў, пасажыры змогуць аплачваць праезд выключна банкаўскай карткай наўпрост у салёне.
Пакуль новую сыстэму аплаты тэстуюць на 1-м тралейбусным і 1-м аўтобусным маршрутах гораду. Адмыслоўцы выпраўляюць асобныя акалічнасьці, каб забясьпечыць стабільную працу для ўладальнікаў картак любых банкаў, як беларускіх, так і замежных.
«Я думаю, да канца гэтага году мы пяройдзем цалкам на сыстэму аплаты банкаўскай карткай у салёне транспартнага сродку», — сказаў Галалобаў.
Цяпер галоўная задача — закупіць і ўсталяваць новае абсталяваньне. На думку гендырэктара, укараненьне тэхналёгіі зробіць праезд больш зручным для гараджан і турыстаў, якія могуць ня ведаць аб мясцовых транспартных дадатках.
Што яшчэ зьмянялася ў менскім транспарце?
Грамадзкі транспарт беларускай сталіцы рэгулярна ўводзіць новыя тэхналёгіі.
Адной з апошніх навацый у ім стала выкарыстаньне кнопак для адчыненьня дзьвярэй у аўтобусах, тралейбусах і трамваях. 1 траўня пачаўся тэставы рэжым у транспарце, абсталяваным такімі кнопкамі. На кнопках дадатковае сьвятладыёднае падсьвятленьне, якое дапамагае лягчэй іх заўважаць.
Кнопкі актывуюцца толькі пры поўным спыненьні транспарту. Дзякуючы гэтаму ўзімку ў салёне будзе захоўвацца больш цеплыні, бо дзьверы ня будуць адчыняцца, калі ніхто імі не скарыстаецца. А ўлетку гэта дапаможа захаваць прахалоду ад кліматызацыі ў салёне.
Тэхналёгія ня новая: у многіх краінах Эўропы транспарт шмат гадоў абсталяваны падобнымі кнопкамі. Цяпер сыстэма дайшла й да Беларусі, пакуль толькі да Менску.