Хто выйграў ад дамовы ЗША і Ірана і ці ёсьць там месца для Беларусі? Тлумачыць Роза Турарбекава

Ілюстрацыйнае фота.

Хто найбольш выйграў ад падпісаньня пагадненьня паміж Іранам і ЗША і ці змогуць улады Беларусі спрычыніцца да праграмаў аднаўленьня Ірану? У «ПіКу Свабоды» пагаварылі пра гэта з палітолягам і гісторыкам Розай Турарбекавай.

— На гэтым тыдні ЗША і Іран падпісалі часовую дамову аб спыненьні баявых дзеяньняў пасьля трох месяцаў вайны на Блізкім Усходзе. Пагадненьне прадугледжвае адкрыцьцё Армускай пратокі для міжнароднага суднаходства і паступовае зьняцьце амэрыканскай марской блякады Ірана. Бакі таксама дамовіліся на працягу 60 дзён правесьці перамовы аб канчатковым урэгуляваньні, у тым ліку па іранскай ядзернай праграме і санкцыях. Якой цаной спыненая вайна? Ці спыненая? І які тут беларускі кантэкст?

Роза Турарбекава: Перш за ўсё трэба сказаць, што вайна яшчэ канчаткова не спыненая. Паступаюць трывожныя паведамленьні. Іран зьвязвае выкананьне мэмарандума з умовай спыненьня ізраільскіх удараў па Ліване, але гэтага пакуль не адбылося. На дадзены момант таксама зьяўляецца інфармацыя, што Корпус вартавых ісламскай рэвалюцыі яшчэ не зьняў абмежаваньні ў Армускай пратоцы. Таму рэалізацыя дамоўленасьцей ужо сутыкаецца з цяжкасьцямі. Гэта сьведчыць пра абмежаваны ўплыў Злучаных Штатаў на ўрад Ізраіля. Магчыма, паміж імі існуюць сур’ёзныя рознагалосьсі. Усё будзе залежаць ад таго, ці зможа Дональд Трамп пераканаць Біньяміна Нетаньяху спыніць агонь у адносінах да Лівана. Калі казаць пра вынікі вайны, то цяжка назваць сапраўдных пераможцаў. Усе ў той ці іншай ступені прайгралі. Асабліва ўразьлівымі выглядаюць Злучаныя Штаты, якія не дасягнулі пастаўленых мэт.

Іран панёс велізарныя страты: разбураныя будынкі, загінула шмат людзей. Але яго ядзернай праграме, відаць, не быў нанесены крытычны ўрон, або ж аднаўленьне адбываецца вельмі хутка. У больш шырокім кантэксьце пазыцыі Захаду таксама аслабелі. Краіны Пэрсідзкага заліва пабачылі, што Злучаныя Штаты і іх эўрапейскія саюзьнікі не заўсёды могуць гарантаваць бясьпеку на тым узроўні, на які разьлічвалі іх партнэры. Таму цяпер яны будуць шукаць дадатковыя мэханізмы бясьпекі або новых гарантаў.

— Ці можа афіцыйны Менск скарыстацца праграмамі па аднаўленьні Ірана?

Роза Турарбекава: Ня думаю. І менавіта таму Лукашэнка зьвяртаўся да аўдыторыі праз «Аль-Арабію». Яму неабходна паляпшаць адносіны з краінамі Пэрсідзкай затокі. Падчас гэтай вайны стала асабліва відавочна, што Беларусь выступае ваенна-тэхнічным саюзьнікам Ірана, нават калі не ўдзельнічае ў канфлікце непасрэдна. Уся рыторыка Лукашэнкі была фактычна ў падтрымку Ісламскай Рэспублікі Іран. На мой погляд, гэта не магло спадабацца многім краінам Пэрсідзкай затокі. Таму я не лічу, што Лукашэнка атрымаў нейкія істотныя выгоды ад гэтай вайны. Магчыма, былі нейкія асобныя эканамічныя або ваенна-тэхнічныя даходы, але на фоне магчымых палітычных страт яны не выглядаюць значнымі. Адной з галоўных праблем для яго магло стаць пагаршэньне адносін з краінамі Пэрсідзкага заліва. Вялікіх плюсаў для сябе ён ад гэтай вайны, на мой погляд, не атрымаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дрэйф Менску з абдымкаў Масквы могуць зрабіць немагчымым», — аналітык Тышкевіч