Нападнік Элье Вахі прапусьціць другі матч першынства сьвету ў футболе, у якім ягоны Кот-д'Івуар згуляе супраць Нямеччыны. Гэта стала вядомым пасьля таго, як гульцу адмовілі ў візе для ўезду ў Канаду. Пра гэта расказала фэдэрацыя футболу Кот-д'Івуар агенцтву Reuters.
«На гэтым этапе адміністрацыйныя дазволы, патрэбныя для яго ўезду на тэрыторыю Канады, не атрыманыя», — заявіла івуарыйская фэдэрацыя (FIF).
Чыноўнікі з афрыканскй краіны пацьвердзілі, што гулец ня зможа «паехаць з дэлегацыяй у Канаду» на суботні паядынак у Таронта.
FIF не назвала прычынаў адмовы ў візе.
Вахі — другі гулец першынства сьвету, якому адмовілі ва ўезьдзе ў Канаду.
Некалькі СМІ паведамілі, што Вахі дапытала француская паліцыя ў падазрэньні ў дамоўнай гульні францускай Лігі 1. Абставіны справы тычыліся часу, калі івуарыец гуляў за «Ніцу». Пытаньне наконт жоўтай карткі, якую Вахі атрымаў у гульні з «Мэцам» у сярэдзіне траўня. Сустрэча скончылася ўнічыю 0:0, а пытаньні да гульца зьявіліся пасьля таго, як букмэкерскія канторы заўважылі незвычайную колькасьць ставак, зробленых на жоўтую картку 23-гадовага футбаліста.
Француская футбольная ліга (LFP) у сераду абвясьціла, што падала скаргу ў паліцыю з прычыны «фактаў, якія могуць несьці спартовае махлярства і арганізаваную карупцыю». Пракуратура ў Марсэлі пацьвердзіла агенцтву AFP, што «23-гадовы прафэсійны футбаліст, які гуляе ў Лізе 1, быў арыштаваны 29 траўня 2026 году ў сувязі з расьсьледаваньнем». Пазьней Вахі вызвалілі, але расьсьледаваньне працягваецца.
FIF заявіла пра падтрымку Вахі, назваўшы яго «важным элемэнтам для нацыянальнай зборнай Кот-д'Івуар».
Адвакатка Вахі Мары Доз заявіла, што гульца толькі затрымлівалі на некалькі гадзін для допыту і на гэты момант ён не трапляе ні пад якія судовыя абмежаваньні.
Вахі нарадзіўся ў Францыі, але стаў выступаць за каманду сваёй гістарычнай радзімы. У першым матчы першынства сьвету гулец выйшаў у стартавым складзе, а зборная Кот-д'Івуар перамагла Эквадор зь лікам 1:0.
Апошнюю сустрэчу групавога этапу «Сланы» згуляюць супраць Кюрасаа 25 чэрвеня. Але тая гульня адбудзецца ўжо ў ЗША, візу ў якую Вахі мае.
У каго яшчэ праблемы зь візай?
Першым быў гулец зборнай Ганы Томас Партэй, якому ў Вялікай Брытаніі выставілі абвінавачваньні ў згвалтаваньні. Партэй ужо прапусьціў матч, у якім Гана перамагла Панаму 1:0. Сустрэча таксама адбывалася ў Таронта, дзе цяпер згуляюць івуарыйцы.
Гана не падавала апэляцыі на адмову ў выдачы гульцу канадзкай візы.
Брытанскія ўлады выставілі Партэю сем абвінавачваньняў у згвалтаваньні і адно ў сэксуальным гвалце. Усё базуецца на заявах чатырох розных жанчын у пэрыяд з 2020 па 2022 гады. Партэй адмаўляе гэтыя абвінавачваньні.
Раней праблемы зь візай былі не ў Канадзе, а ў ЗША. Найлепшы арбітар Афрыкі Амар Артан з Самалі атрымаў адмову ў допуску ў краіну ўжо ў аэрапорце Маямі, нягледзячы на наяўнасьць усіх іншых дакумэнтаў. Міжнародная фэдэрацыя футболу не заступілася за арбітра, а заявіла, што гэта сувэрэннае права ЗША, пускаць або не пускаць грамадзяніна іншай краіны на сваю тэрыторыю.
Некаторыя зборныя, у прыватнасьці Сэнэгал і Ўругвай зазналі дэталёвага агляду ў часе паездкі па Амэрыцы.
Праблемы з уездам у ЗША меў таксама нападнік зборнай Швайцарыі Брэль Эмбало. Але ў выніку яго прапусьцілі.
Яшчэ да пачатку турніру, на якім раз на чатыры гады зьбіраюцца найлепшыя майстры ножнага шпурляку, спартовыя экспэрты засьцерагалі, што могуць зьявіцца праблемы зь міграцыйнымі службамі. Асьцярогі зьявіліся пасьля таго, як да ўлады ў Злучаных Штатах — краіне, дзе адбываецца большасьць гульняў першынства сьвету — зрабілі больш строгім міграцыйнае заканадаўства. І ўжо першыя тыдні спаборніцтваў пацьвердзілі тыя словы.