Расейскі суд спагнаў з БМЗ больш за 2 млн даляраў. Гэта ня першыя праблемы прадпрыемства

На Беларускім мэталюргічным заводзе

Расейскі Ялецкі горнаўзбагачальны руднік праз суд дамогся ад Беларускага мэталюргічнага заводу выплаты запазычанасьці за пастаўку друзу.

Справу разглядаў Арбітражны суд Ліпецкай вобласьці. Згодна з матэрыяламі справы, у студзені 2025 году «Ялецкі горнаўзбагачальны руднік» і «БМЗ — кіроўная кампанія холдынгу „БМК“» заключылі кантракт на пастаўку вапняковага друзу.

Таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Гарняк», да якога належыць Ялецкае прадпрыемства, выканаў пастаўку, але БМЗ не аплаціў тавар у поўным аб’ёме. Запазычанасьць склала 150,3 млн расейскіх рублёў (звыш 2 млн даляраў па курсе на 18.06.2026), піша прэс-служба суду.

Расейскае прадпрыемства накіравала БМЗ прэтэнзію з патрабаваньнем аплаціць запазычанасьць і выплаціць пеню. БМЗ не пагасіў доўг, і «Гарняк» зьвярнуўся з пазовам у суд.

У працэсе разгляду справы БМЗ часткова пагасіў запазычанасьць, выплаціўшы 2,6 млн. расейскіх рублёў (35 460 даляраў). Патрабаваньні зьнізілі да 153,2 млн. расійскіх рублёў (2 089 427 даляраў).

Суд вынес пастанову аб задавальненьні іску «Гарняка». Рашэньне суду не набыло моц, яшчэ ёсьць час на абскарджаньне на працягу месяца ў апэляцыйным судзе.

Зьмены на БМЗ

Беларускі мэталюргічны завод уваходзіць у Дзяржаўны вайскова-прамысловы комплекс Беларусі. Прадпрыемства мае вялікія праблемы, завод знаходзіцца пад жорсткімі санкцыямі Эўразьвязу, ЗША, Украіны, іншых краін.

З прычыны санкцыяў прадпрыемства ня можа супрацоўнічаць з эўрапейскімі кампаніямі й імпартаваць мэталяпрадукцыю.

Кіраўніцтва БМЗ спрабавала скасаваць санкцыі праз суд Эўрапейскага Зьвязу, аднак ён у сакавіку 2025 году адхіліў пазоў беларускага прадпрыемства і пацьвердзіў законнасьць уведзеных абмежаваньняў.

У выніку абмежаваньняў БМЗ страціў сваіх галоўных замежных партнэраў (Beckers Group, Liebherr, Danfoss, Yokohama), што выклікала складанасьці ў вытворчасьці, дэфіцыт кампанэнтаў і абсталяваньня, а таксама скарачэньне выпуску некаторых відаў прадукцыі.

Сёлета 12 траўня на заводзе адбылася зьмена кіраўніка. Лукашэнка прызначыў генэральным дырэктарам Аляксандра Саковіча, які дагэтуль ачольваў упраўленьне прамысловай палітыкі апарату Савету міністраў Беларусі і старшыняваў у назіральнай радзе прадпрыемства «Бабруйскаграмаш».

Папярэдні кіраўнік БМЗ Дзьмітры Корчык страціў сваю пасаду пасьля таго, як яму так і не ўдалося перамагчы ў судзе. Эўрапейскі суд у Люксэмбургу пасьля разгляду справы адмовіўся здымаць з БМЗ санкцыі. Агулам беларускае дзяржаўнае прадпрыемства праваліла ў Эўропе дзьве спробы перамагчы пасьля пазову аб зьняцьці міжнародных абмежаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта робіцца „на адчапіся“». Як беларускія заводы судзяцца за скасаваньне санкцыяў. БМЗ ужо двойчы прайграў такі суд