Сілавікі Беларусі і Расеі правялі масавыя затрыманьні ў Менску і Маскве. Кайданкі надзелі на 16 чалавек, падазраваных у прыналежнасьці да банды «шэрых рыэлтараў». Яны вялі сваю дзейнасьць з 2021 году.
Зламысьнікі падбіралі памерлых, зьніклых бязь вестак або працяглы час адсутных масквічоў, якія ня маюць спадчыньнікаў, пасьля чаго афармлялі правы на іхную нерухомасьць па падробленых дакумэнтах. У Сьледчым камітэце адзначылі, што злачынцы атрымлівалі кватэры празь фіктыўныя шлюбы і ўяўныя зьдзелкі куплі-продажу.
Удзельнікі злачыннага згуртаваньня знаходзілі падстаўных асобаў, якіх выдавалі то за мужа і жонку памерлых, то за іх блізкіх сваякоў, ці пакупнікоў, якія нібыта законна набылі кватэры ў ранейшых уласьнікаў. Такую дзейнасьць дапамагла зрабіць цэлая падпольная «лябараторыя», дзе масава выраблялі падробленыя пячаткі і дакумэнты — ад дамоваў і пасьведчаньняў, да правоў кіроўцы і пасьведчаньняў асобы, у асноўным расейскага ўзору, бо размовы былі, сярод іншага, пра маскоўскія кватэры.
Падробленыя даведкі, пашпарты, дыплёмы аб адукацыі і іншыя дакумэнты атрымлівалі прымяненьне ня толькі пры падпісаньні ўмоваў зь нерухомасьцю, іх актыўна прадавалі на расейскіх інтэрнэт-рэсурсах. Толькі расейскія паліцыянты сканфіскавалі больш за 50 тыс. такіх фальшывых дакумэнтаў.
Скарыстацца кватэрамі злачынцы не пасьпелі. Да таго, як ім удалося іх прадаць, усіх затрымалі. Чацьвярых — у Беларусі, тузін — у Расеі. Цяпер іх чакае суд адразу паводле некалькіх артыкулаў Крымінальных кодэксаў дзьвюх краін.
Падобныя справы
Нерухомасьць здаўна вабіла махляроў розных гатункаў і ўменьняў. Гучная справа была ў Беларусі два гады таму: двое ашуканцаў завалодалі нерухомасьцю 11 грамадзян на агульную суму больш за 470 тыс. рублёў. Яны заводзілі знаёмствы з малазабясьпечанымі адзінокімі грамадзянамі, многія зь якіх мелі даўгі і вялі асацыяльны лад жыцьця.
Ім дапамагалі выплаціць пазыкі і нават атрымаць нейкія грошы шляхам продажу кватэр, а затым перасялялі ў малапрыдатныя для жыльля састарэлыя дамы без каналізацыі, ацяпленьня і электраэнэргіі. Справу вёў Сьледчы камітэт.
А ў Берасьці ў 2019 годзе была гучная справа, дзе на лаве падсудных апынуліся міліцыянты. Праўда, маштаб ня быў настолькі буйным, як у цяперашняй. Двое ўчастковых Ленінскага РАУС Берасьця яшчэ ў 2015 годзе пераканалі аднаго мужчыну прадаць двухпакаёвую кватэру ў Берасьці. Яны згулялі на шкоднай звычцы ахвяры — той злоўжываў алькаголем. Міліцыянты паабяцалі яму набыць новае жытло ў адным з раённых цэнтраў Берасьцейскай вобласьці.
Кватэру прадалі за 31 тысячу даляраў праз знаёмага, які ня ведаў іхных намераў, але грошы пакінулі сабе, а пацярпелага пасялілі ў чужым доме ў Кобрыньскім раёне. Пазьней запатрабавалі зьняць у банку грошы, якія пацярпелы атрымаў у спадчыну пасьля сьмерці маці. Мужчына выканаў патрабаваньне міліцыянтаў.
Злачынныя дзеяньні сталі вядомымі толькі празь некалькі гадоў. У судзе міліцыянты звальвалі віну адзін на аднаго. Гэта не ўратавала іх ад 6 і 5 гадоў турмы з буйнымі кампэнсацыямі матэрыяльнай шкоды.