Вядомы менскі лекар-уроляг загінуў на падводнай рыбнай лоўлі

Генадзь Шчатко

Мужчыну шукалі некалькі дзён. Адпачынак па-за сталіцай стаўся для яго фатальным.

Аб гібелі на вадзе двух мужчынаў 1978 году нараджэньня паведаміла Рэспубліканскае таварыства ратаваньня на водах. Целы абодвух знайшлі 16 чэрвеня. Аднаго ў возеры Белым каля аграгарадка Азёры Горадзенскага раёну — за 20 мэтраў ад берага на двухмэтровай глыбіні. Абставіны і прычыны гібелі высьвятляюцца. Мужчыну шукала ягоная жонка, яна падала заяву аб зьнікненьні яшчэ 14 чэрвеня.

Другога мужчыну шукалі яшчэ даўжэй, з 12 чэрвеня, калі той адправіўся на падводную рыбную лоўлю на возеры Вядзета Полацкага раёну. На бераг ён ужо не вярнуўся.

Неўзабаве высьветлілася й асоба загінулага. Пошукава-ратавальны атрад «Фэнікс» 15 чэрвеня апублікаваў у сваім тэлеграм-канале арыентыроўку на зьніклага пры падобных абставінах Генадзя Шчатко, які нарадзіўся ў 1978 годзе. Ратавальнікі паведамлялі, што 12 чэрвеня ён «знаходзіўся каля возера Вядзета, пасьля чаго перастаў выходзіць на сувязь».

Шчатко — вядомы менскі ўроляг, загадчык аддзяленьня ў Гарадзкой клінічнай лякарні хуткай мэдыцынскай дапамогі (БХМД). Таксама вёў прыём у прыватным мэдычным цэнтры Sante, але на дадзены момант старонка лекара ўжо выдаленая.

Возера Вядзета разьмешчанае за 45 км на паўночны ўсход ад Полацку і адносіцца да басэйну ракі Вядзеціца. Плошча складае 4,61 кв.км, максымальная глыбіня — 12,2 м. Тут ёсьць акуні, шчупакі, карасі, плотка і іншыя віды. Акрамя таго, возера зарыблялася вугром, адзначае агенцтва «Позірк». На возеры зарганізаваная платная рыбная лоўля, у сьветлы час дня можна займацца падводным паляваньнем.

Гібель людзей на вадаёмах ня ёсьць чымсьці новым. У тым ліку ў час рыбнай лоўлі. Сёлета, і якраз у Віцебскай вобласьці, адбылася трагедыя з двума рыбакамі на возеры Бернскім. Двое рыбаловаў вудзілі рыбу, упалі ў ваду з пантоннай агароджы і ня здолелі выплысьці. Мужчынам было 56 і 59 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Трагедыя ў Віцебскім раёне: у адным возеры патанулі адразу двое рыбакоў

Таварыства ратаваньня на водах пакуль не публікавала статыстыкі з красавіка па чэрвень, а вось у студзені-сакавіку 2026 году, як вынікае з інфармацыі ўстановы, у Беларусі зарэгістравалі 46 здарэньняў на водах, зь якіх 9 зь непаўналетнімі. 24 чалавекі загінулі.