У Ерэване на міжнародны запыт затрымалі беларускага актывіста Віктара Клімуса, але неўзабаве вызвалілі

Карагод у Берасьці, 2020 год

Беларускага актывіста Віктара Клімуса, які накіроўваўся з Польшчы ў Армэнію з працоўным візытам, затрымалі ў аэрапорце Ерэвану.

Армянскія памежнікі паведамілі, што ягонае імя ўнесенае ў міжнародную базу вышуку.

Офіс Сьвятланы Ціханоўскай разам зь беларускімі і армянскімі праваабаронцамі працуюць над яго вызваленьнем.

Празь некалькі гадзін пасьля затрыманьня Віктар Клімус паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook аб вызваленьні.

«Жывы. Здаровы. На волі. Дзякуй усім, хто хваляваўся і падтрымліваў!», — напісаў ён.

Што вядома пра Віктара Клімуса

У 2020 годзе супраць берасьцейскага актывіста, кіраўніка культурна-асветніцкага цэнтру «Грунтоўня» Віктара Клімуса завялі крымінальную справу «аб масавых беспарадках» за эпізод з карагодам. Гэтаму папярэднічалі візыты сілавікоў да ягоных бацькоў і цесьця.

У лютым 2021 году Клімус паведаміў, што зьехаў зь Беларусі ў Польшчу.

«Карагодная справа» ў Берасьці — адзін з найбуйнейшых палітычных працэсаў 2020–2021 гадоў. Выракі ў гэтай справе атрымалі больш за 100 чалавек, якім агулам прысудзілі 82,5 году «хіміі», 71 год «хатняй хіміі», 12 гадоў і 2 месяцы калёніі.

Падзеі, за якія завялі справу, адбыліся 13 верасьня 2020 году ў Берасьці. Людзі на скрыжаваньні вуліц вадзілі вялікі карагод пад музыку, сьпявалі, танцавалі. Удзельнікі гавораць пра характар тых падзеяў як «атмасфэру сьвята».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Пінская справа», карагод у Берасьці, счэпка ў Горадні. Самыя масавыя справы супраць беларусаў

Што трэба ведаць пра завочныя суды ў Беларусі

  • Як тлумачаць улады, «спэцыяльнае вядзеньне — гэта вядзеньне крымінальнай справы ў дачыненьні да абвінавачанага, які знаходзіцца па-за межамі Рэспублікі Беларусі і ўхіляецца ад зьяўленьня ў орган, які вядзе крымінальны працэс».
  • Аляксандар Лукашэнка ў ліпені 2022 году падпісаў закон аб зьменах у Крымінальна-працэсуальным кодэксе, якія дазваляюць завочна судзіць беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, бо выехалі з краіны, асьцерагаючыся катаваньняў і крымінальнага перасьледу з палітычных прычын.
  • 27 верасьня стала вядома, хто ўваходзіць у першы сьпіс на завочны суд. Усіх іх улады лічаць адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • 12 сьнежня ў Беларусі пачаўся першы завочны суд: пяцёх абвінавачаных у справе «Чорнай кнігі Беларусі» выклікалі ў Менскі гарадзкі суд 12 сьнежня на 10:00.
  • У першы сьпіс на завочны суд уваходзілі рэдактарка прызнанага «экстрэмісцкім» ТГ-каналу «Каратели Беларуси» і ютуб-каналу «Дзікае паляванне» Яніна Сазановіч, супрацоўнік «Чорнай кнігі Беларусі» Даніла Багдановіч, стваральнік спартовага парталу by.tribuna.com і мэдыямэнэджар Дзьмітры Навоша, а таксама Вольга Высоцкая і Валерыя Занямонская. Улады лічаць іх адміністратарамі тэлеграм-каналу «Чорная кніга Беларусі».
  • Падобныя справы пачалі таксама супраць Сьвятланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Сяргея Дылеўскага, Марыі Мароз, а таксама ўдзельнікаў і кіраўнікоў Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, праваабарончага цэнтру «Вясна», тэлеграм-каналу Nexta, Каардынацыйнай рады, Валера Цапкалы.
  • Таксама спэцыяльнае вядзеньне распачалі супраць вядомай спартоўкі, алімпійскай прызэркі ў плаваньні Аляксандры Герасімені і выканаўчага дырэктара Беларускага фонду спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна. 26 сьнежня 2022 году ім прысудзілі 12 гадоў турэмнага зьняволеньня за заклікі да пераносу спартовых турніраў.
  • 18 студзеня 2023 году вынесьлі выракі ў «справе ЧКБ». Сазановіч, Багдановічу, Навошу, Высоцкай і Занямонскай прысудзілі па 12 гадоў турмы. Кожнаму зь фігурантаў таксама прысудзілі штрафы ў памеры 500 базавых велічынь. КДБ унёс фігурантаў справы ў «тэрарыстычны сьпіс». Суд цягнуўся крыху больш за месяц у закрытым рэжыме.