Як паведаміла агенцтва AFP, цана жнівеньскіх ф’ючэрсаў на гатунак Brent на лёнданскай біржы ICE Futures на раніцу 15 чэрвеня склала 83,24 даляраў за барэль, што на 4,09 даляра (4,68%) ніжэй, чым пры закрыцьці папярэдніх таргоў.
Ліпеньскія нафтавыя ф’ючэрсы WTI на электронных таргах Нью-Ёрскай таварнай біржы (NYMEX) зьнізіліся ў цане на гэты час на 4,27 даляра (5,03%) — да 80,61 даляра за барэль.
Як Brent, так і WTI дасягнулі мінімуму за час з 10 сакавіка.
Японскі фондавы індэкс Nikkei 225 падскочыў на 5%, а паўднёвакарэйскі эталённы індэкс Kospi — на 5,5%.
Фʼючэрсы на амэрыканскія акцыі таксама рэзка вырасьлі. Большасьць фондавых рынкаў ЗША адкрываюцца а 9:30 раніцы ўсходняга (вашынгтонскага) часу.
«Гэтае пагадненьне — першы крок, а не канчатковае мірнае ўрэгуляваньне», — працытавала Стывэна Інэса з SPI Asset Management агенцтва AFP.
Чатыры эўрапейскія краіны гатовыя зьняць з Ірану пэўныя санкцыі
Вялікая Брытанія, Францыя, Нямеччына й Італія заявілі пра гатоўнасьць зьняць некаторыя санкцыі, уведзеныя супраць Тэгерану, вітаючы абвешчанае Вашынгтонам і Тэгеранам пагадненьне аб спыненьні вайны на Блізкім Усходзе.
«Мы гатовыя зьняць адпаведныя санкцыі ў адказ на выразныя, правераныя крокі Ірану ў яго ядзернай праграмы. Мы будзем інтэнсіўна супрацоўнічаць з ЗША, Іранам і рэгіянальнымі партнэрамі, каб скарыстацца гэтым момантам, захаваць імпульс і дасягнуць доўгатэрміновага дыпляматычнага ўрэгуляваньня», — гаворыцца ў супольнай заяве, паведаміла Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Што папярэднічала
Прэм’ер-міністар Пакістану Шагбаз Шарыф, ключавы пасярэднік у амэрыканска-іранскіх перамовах, заявіў, што бакі дасягнулі мірнай угоды.
Паводле Шарыфа, абодва бакі пагадзіліся на «неадкладнае і канчатковае спыненне ваенных апэрацыяў». Ён дадаў, што цырымонія падпісаньня пагадненьня адбудзецца 19 чэрвеня ў Жэнэве.
Пазьней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп напісаў у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social:
«Угода з Ісламскай Рэспублікай Іран заключана. Віншую ўсіх! Я тым самым цалкам дазваляю адкрыцьцё Армускай пратокі для бясплатнага праходу і адначасова дазваляю неадкладнае зьняцьце яе блякады вайскова-морскімі сіламі ЗША. Караблі сьвету, запускайце рухавікі. Хай нафта цячэ!»
Іранскае агенцтва Fars паведаміла, што неўзабаве будзе апублікавана афіцыйная заява Найвышэйшай рады нацыянальнай бясьпекі Ірану на тэму пагадненьня з ЗША аб спыненьні агню. Іранскія ўлады таксама заявілі: было пастаноўлена, што морскі рух цераз Персыдзкую затоку будзе рэгуляваць Іран у каардынацыі з Аманам.
Дэталі пагадненьня застаюцца незразумелымі, раней лідэры з абодвух бакоў назвалі розныя яго складнікі. Чакалася, што гэта будзе 60-дзённы мэмарандум аб узаемаразуменьні, які вызначае грунт перамоваў аб дасягненьні поўнага мірнага ўрэгуляваньня, каб спыніць вайну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Прэм’ер Пакістану і прэзыдэнт ЗША абвясьцілі пра мірную дамову з ІранамВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.
У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.
8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.