З расейскімі поп-зоркамі, пад песьні нявесткі Лукашэнкі. Як прайшоў выпускны ў некаторых школах Беларусі. ФОТА

Для менскіх выпускнікоў сьвята заканчэньня школы зладзілі на некалькі вялікіх забаўляльных пляцоўках, 12 чэрвеня 2026

Сёлета сярэднія школы закончылі больш за 58 тысяч юнакоў і дзяўчат. Увечары 12 чэрвеня па ўсёй Беларусі адбыліся выпускныя балі. Афіцыйна паведамілі, што праграмы выпускных прымеркавалі году беларускай жанчыны і 85-годзьдзю Вялікай айчынай вайны.

Свабода паглядзела, як яны праходзілі.

З поп-зоркамі і кіраўніцтвам уладнай вэртыкалі

Ва ўсіх раённых цэнтрах выпускнікоў на вечарынах віталі кіраўнікі абласных і раённых выканкамаў.

Кіраўнік Крычаўскага раёну Аляксей Шарай паведаміў, што ён рыхтаваўся да выпуску школьнікаў зь лютага і паабяцаў выпускнікам «зорны выпускны», які будзе нягоршы за аналягічныя вечарыны ў Магілёве.

«Надзею Кадышаву, сто пудоў» не атрымалася, але паверце, вы гэты «зорны выпускны» запомніце на ўсё жыцьцё. І так, як ён будзе зроблены, сцэнар яшчэ з лютага-месяца ў распрацоўцы, і тыя хэдлайнэры, якія прыедуць на нашу сцэну, і тое, як гэта ўсё будзе зроблена, паверце, гэта будзе нягорш, чым магілёўскія школы«, — сказаў Аляксей Шарай.

На выпускным ў Крычаве, Магілёўская вобласьць, 12 чэрвеня 2026

Пазьней высьветлілася, што запрошанай «зоркай» стала сьпявачка Насьця Краўчанка, вядомая сваім удзелам у беларускім музычным шоў талентаў «Х-Фактор. Беларусь» і ў расейскіх конкурсах, а таксама выкананьнем патрыятычных песень. Яе песьня «Что ты сделал для Родины», якую яна выконвала супольна зь Мікітам Бялько і Арцёмам Скаралём, стала яе візытоўкай у 2022 годзе. Аўтаркай песьні зьяўляецца нявестка Аляксандра Лукашэнкі Ганна Лукашэнка (Сялук).

У Горадні выпускнікі прайшлі шэсьцем па галоўнай вуліцы горада

Як паведаміла «Гродзенская праўда» ў агульнагарадзкім сьвяце «Выпускны над Нёманам» узялі ўдзел больш за 2,8 тысячы выпускнікоў. Яны прайшлі ў сьвяточнай калёне па вуліцы Савецкай, а потым для ўсіх адбыўся канцэрт.

Горадзенскія выпускнікі на сьвяце «Выпускны над Нёманам»

Перад выпускнікамі выступілі расейскія сьпевакі — хіп-хопэр Фогель (сапраўднае імя Робэрт Чарнікін, нарадзіўся ў Магадане. — РС) і рэпэр Slava Marlow (таксама вядомы як Арцём Готліб).

Увечары адбыўся вялікі сьвяточны фэервэрк.

Расейскі хіп-хопэр Фогель на сьвяце выпускнікоў у Горадні

Сьвяткаваньні ў Горадні завяршыліся сьвяточным фэервэркам

Пад песьню нявесткі Лукашэнкі

У Клімавічах (Магілёўская вобласьць) сьвяткаваньні пачалі з ускладаньня кветак на брацкую магілу ў парку Народнага адзінства. У гэтай цырымоніі разам з кіраўніцтвам раёну ўдзельнічалі выпускнікі, іхныя бацькі і настаўнікі.

Пасьля адбылося сьвяткаваньне на цэнтральнай плошчы, якое завяршылася песьняй «Время новых побед» аўтарства Ганны Сялук (нявесткі Лукашэнкі). Пад гэтую песьню ў паветра запусьцілі паветраныя кулькі.

«Кім бы ні сталі ўчорашнія школьнікі — лекарамі, інжынэрамі, працаўнікамі ІТ-сфэры, мэнэджэрами, настаўнікамі, артыстамі, мастакамі — важна, каб у маладых людзей засталіся цёплыя ўспаміны пра сваё юнацтва, пра школу», — адзначаецца ў публікацыі раённага выданьня.

Клімавіцкія выпускнікі на шэсьці ў раённым цэнтры