Улады вылучылі грошы на рэстаўрацыю ў храмах у Будславе і Жыровічах

Жыровіцкі манастыр, архіўны здымак

Будслаў і Жыровічы раней з ініцыятывы ўладаў былі названыя «духоўнымі цэнтрамі» Беларусі.

Грошы на рэстаўрацыю вылучаюць з так званага «прэзыдэнцкага фонду». 3,66 млн. рублёў накіруюць на рэстаўрацыю іканастасу Ўсьпенскага сабору Сьвята-Ўсьпенскага манастыра ў Жыровічах і рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе. Распараджэньне пра вылучэньне сродкаў падпісаў Аляксандар Лукашэнка.

Рэстаўраваць іканастас Усьпенскага сабору ў Жыровічах пры падтрымцы сродкаў фонду пачалі ў 2025 годзе. Дагэтуль цалкам адрэстаўраваная верхняя сэкцыя іканастасу 1670 году. У 2026 годзе каля 3,4 млн рублёў пералічаць для працягу рэстаўрацыйных захадаў на астатніх элемэнтах іканастасу.

Мужчынскі манастыр у Жыровічах у 2020 годзе адзначыў 500-годзьдзе. У саборы захоўваецца сьвяты цудатворны Жыровіцкі абраз Маці Божай. Нягледзячы на атэістычную палітыку савецкай улады і вайну, манастыр бесьперапынна функцыянаваў цягам усяго ХХ стагодзьдзя. За савецкім часам за яго мурамі знайшлі прытулак манахі і манахіні, выгнаныя зь іншых месцаў.

Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Беларусі дадуць больш за 260 тыс. рублёў на першачарговыя работы ў касьцёле Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Будславе, уключаючы распрацоўку дакумэнтацыі на ўзмацненьне падмуркаў, муроў, скляпеньняў і падпружных арак.

«Рэалізацыя праектаў зробіць значны ўнёсак у памнажэньне і захаваньне гістарычна-культурнай спадчыны Беларусі», упэўненыя ўлады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ня толькі каранавірус. Колькі эпідэмій перажыў Жыровіцкі манастыр за 500 гадоў сваёй гісторыі

Розьніца ў дапамозе

Партал Katolik.life зьвярнуў увагу на вялікую розьніцу паміж сумамі дапамогі. На Жыровіцкі манастыр пайшло ў 13 разоў больш сродкаў.

Можна было б здагадвацца, што аб’ём работ у Будславе значна меншы, таму меней і грошай. Але ў афіцыйным паведамленьні ўладаў розьніца ў грошах не тлумачыцца, ёсьць толькі сумы. Але каталіцкі касьцёл — помнік архітэктуры рэспубліканскага значэньня — патрабуе ня проста рэстаўрацыі, а тэрміновага рамонту. Толькі на праектныя работы трэба звыш 1,4 млн рублёў, таму ў пачатку году парафія абвяшчала збор ахвяраваньняў. У касьцёле не было нават ацяпленьня.

Адразу пасьля разбуральнага пажару ў 2021 годзе грамадзяне і прадпрыемствы пералічылі парафіі амаль 1,5 млн рублёў ахвяраваньняў. Гэтыя сродкі пайшлі на тэрміновыя работы, уключаючы часовы дах. Цяпер надышла пара мяняць яго на пастаянны.

Раней дзяржаўнай падтрымкі будслаўскаму касьцёлу не давалі і не ўключылі яго ў новую рэспубліканскую інвэстыцыйную праграму.

Будслаўскі пажар і яго наступствы

Пажар у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня 2021 году. У выніку абваліўся дах, вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншыя каштоўныя рэчы пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.

За першы год пасьля пажару валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.

Першую імшу пасьля пажару ў Будславе правялі 31 сьнежня 2021 году.

Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятыняў, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Будславе знайшлі падмуркі старога касьцёла. ФОТА