Нобэлеўскі ляўрэат Бяляцкі расказаў пра сваю новую фундацыю

Алесь Бяляцкі, архіўнае фота

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі стварае міжнародную праваабарончую фундацыю, які будзе працаваць ня толькі зь Беларусьсю. Бяляцкі застанецца старшынём праваабарончай арганізацыі «Вясна», аднак будзе займацца ў асноўным міжнароднымі справамі.

«Мы будзем імкнуцца да паляпшэньня сытуацыі з унівэрсальнасьцю правоў чалавека, з рэгіянальнай бясьпекай, зь міжнародным правасуддзьдзем, зь мірабудаўніцтвам, якое асабліва важнае для нашага рэгіёну. Мы павінны нагадваць пра каштоўнасьць правоў чалавека, пра ўнівэрсальнасьць гэтых правоў, — што яны належаць усім, дзе б людзі ні жылі», — сказаў Нобэлеўскі ляўрэат Свабодзе.

Алесь Бяляцкі кажа, што хоча скарыстацца тымі магчымасьцямі, якія дае яму статус Нобэлеўскага ляўрэата.

«Фундацыя Алеся Бяляцкага» зарэгістравана і будзе базавацца ў Польшчы, але працаваць будзе як міжнародная арганізацыя і значная частка яе працы мае быць зьвязана з падтрымкай моладзі і моладзевых ініцыятываў, накіраваных на разьвіцьцё і захаваньне правоў чалавека ў розных краінах.

«Фінансаваньне фундацыі будзе ісьці фактычна так, як і ўсіх іншых няўрадавых арганізацый — з разнастайных праграм, якія падтрымліваюць глябальныя міжнародныя праекты і намаганьні грамадзкіх актывістаў».

Паводле Бяляцкага новая арганізацыя патрэбная, бо правы чалавека парушаюцца ў многіх краінах рэгіёну.

«Улічваючы крызісную сытуацыю ў нашых суседзяў, украінцаў, бо ідзе вайна Расеі супраць Украіны, улічваючы крызісную сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, у некаторых іншых постсавецкіх краінах, дзе мы маем падобны рэжымы, — такія як Азэрбайджан, Узбэкістан. Вельмі хутка пагаршаецца сытуацыя з правамі чалавека ў Кіргізстане. Ёсьць вялікія праблемы ў Грузіі для працы няўрадавых арганізацый і для апанэнтаў існуючай улады».

Алесь Бяляцкі таксама патлумачыў, што ў новай фундацыі будуць працаваць грамадзяне розных краінаў, сярод якіх, маюць быць два ці тры цяперашнія праваабаронцы «Вясны».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
  • Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
  • У «Бібліятэцы Свабоды» выйшла дзьве кнігі, прысьвечаныя Алесю Бяляцкаму: «Справа Бяляцкага» (2012) і «Алесь Бяляцкі на Свабодзе» (2022).