Стала вядома, колькі беларусаў летась зьехалі з краіны. ААН праналізавала стан міграцыі ў сьвеце

Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў (UNHCR) апублікавала справаздачу аб тэндэнцыях міграцыі і найноўшую афіцыйную статыстыку аб уцекачах, асобах, якія шукаюць прытулку, унутрана перамешчаных асобах і асобах без грамадзянства па ўсім сьвеце за 2025 год.

Як вынікае з апублікаванай 11 чэрвеня справаздачы, летась зь Беларусі выехалі 19 500 чалавек.

Вымушанымі перасяленцамі (тымі, хто мусіў пакінуць дамы, ратуючыся ад узброеных канфліктаў, гвалту, парушэньня правоў чалавека ці прыродных катастрофаў) Упраўленьне ААН у справах уцекачоў прызнала 27 500 беларусаў, столькі ж, згодна з дакумэнтам, атрымалі дапамогу і абарону ААН, і яшчэ 8100 чалавек шукалі прытулку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларусы застаюцца другой паводле колькасьці групай замежных работнікаў у Польшчы

Колькі грамадзян выехала з Украіны

Згодна з інфармацыяй ААН, на канец 2025 году ўцекачамі з Украіны прызналі 5 мільёнаў 224 тысячы 100 чалавек. Перасяленцамі сталі 8,962 мільёна чалавек, а тых, каму дапамагае і бароніць ААН — 10,419 мільёна. У краіну вярнуліся 139 тысяч 300 уцекачоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Чатыры гады вайны на зьнясіленьне: наступствы для Расеі, Украіны і Беларусі

Агульныя міграцыйныя тэндэнцыі

Усяго ў сьвеце 41,6 мільёнаў чалавек былі прызнаныя ўцекачамі па стане на канец 2025 году.

Усясьветная колькасьць уцекачоў, паводле ААН, скарацілася на 3% у параўнаньні з канцом 2024 году. У 2025 годзе 14,7 мільёна чалавек вярнуліся ў раёны або краіны свайго паходжаньня, у тым ліку амаль 4,4 мільёна ўцекачоў і 10,3 мільёна ўнутраных перасяленцаў, што на 49 адсоткаў больш у параўнаньні з 2024 годам. Вяртаньне ўцекачоў было другім па велічыні з моманту першай публікацыі UNHCR зьвестак аб міграцыі, якое адбылося ў 1965 годзе.

92% усіх вяртаньняў адбыліся ўсяго ў сямі краінах: Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга (3,6 мільёна), Судане (3,5 мільёна), Сірыі (3,3 мільёна), Аўганістане (2 мільёны), Украіне (718 300) і М’янме (415 200).

Згодна з афіцыйнымі ўрадавымі дадзенымі, 81 800 уцекачоў былі пераселены або прыбылі па спонсарскіх праграмах.

93 500 уцекачоў атрымалі грамадзянства або пастаянны від на жыхарства на працягу году. Экспэрты ААН адзначылі, што 39 % уцекачоў складаюць дзеці, між тым гэтая ўзроставая катэгорыя складае 29% ад агульнага насельніцтва.

68,7 мільёна чалавек сталі перасяленцамі ўнутры сваіх краін праз канфлікт або гвалту.

Найбольшую колькасьць уцекачоў і іншых людзей, якія маюць патрэбу ў міжнароднай абароне прымалі Калюмбія, Нямеччына, Турэччына, Уганда, Ісламская Рэспубліка Іран, Чад і Пакістан.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Reuters: да 2028 году больш за 4 мільёны чалавек стануць уцекачамі. Колькі беларусаў ужо пакінулі краіну

Чаму ўцекачоў стала менш

Скарачэньне на 3 % ліку ўцекачоў, паводле Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў, адбылося праз павялічэньне вяртаньня ўцекачоў у Афганістан, Сірыю і Судан. Колькасьць унутрана пераселеных асоб таксама скарацілася празь іх вяртаньне ў асноўным у Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Судан і Сірыю. Аднак адзначаецца, што шмат уцекачоў вярталіся ў неспрыяльных абставінах, а ўмовы рэінтэграцыі застаюцца надзвычай складанымі. Кожны 70-ы чалавек, або 1,4% ад усяго насельніцтва сьвету, цяпер зьяўляецца вымушаным перасяленцам.

Зь якіх краін уцякаюць

Сем з дзесяці ўцекачоў паходзяць з шасьці краін: Афганістана, Паўднёвага Судана, Судана, Сірыі, Украіны і Вэнэсуэлы. Амаль 65 % зь іх застаюцца паблізу сваёй краіны паходжаньня, але вялікая частка шукаюць бясьпеку і прытулак значна далей.

«Для занадта многіх уцекачоў перасяленьне пачынаецца як выратавальны круг, але працягваецца ўсё жыцьцё. Гуманітарная дапамога ратуе жыцьці, але яна не зьяўляецца канчатковай кропкай і не дазваляе ўцекачам стаць актыўнымі субʼектамі кіраваньня сваёй будучыняй. Нам патрэбна зьмена парадыгмы, якая створыць новае пачуцьцё надзеі і магчымасьцяў для людзей, якія ўцякаюць ад вайны і перасьледу», — зазначыў у справаздачы Вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў Бархам Саліх.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міжнародная арганізацыя міграцыі палічыла, колькі людзей, у тым ліку беларусаў, жывуць па-за межамі сваіх краін