Сустрэча з кіраўніком чэскай дыпляматыі прайшла ў Місіі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Празе. У офісе Ціханоўскай адзначылі, што правядзеньне сустрэчы менавіта там стала жэстам падтрымкі беларускіх дэмакратычных сілаў.
Паводле інфармацыі офісу Ціханоўскай, міністар Пэтр Мацінка паведаміў, што Чэхія прыняла папярэдняе рашэньне спрасьціць візавы рэжым для сваякоў беларусаў, якія жывуць у краіне. Афіцыйная пастанова павінна быць апублікаваная найбліжэйшым часам.
Бакі таксама абмеркавалі падтрымку рэпрэсаваных беларусаў, магчымасьць далучэньня Чэхіі да Міжнароднага гуманітарнага фонду для Беларусі, прызначэньне чэскага спэцпасланьніка ў пытаньнях супрацоўніцтва зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі і міжнародныя намаганьні для прыцягненьня беларускіх уладаў да адказнасьці.
Сьвятлана Ціханоўская і міністар замежных спраў Чэхіі Пэтр Мацінка. Прага, 10 чэрвеня 2026 году
Пазьней у той жа дзень Ціханоўская сустрэлася з прэзыдэнтам Чэхіі Пэтрам Павэлам. На перамовах гаварылі пра ваенна-палітычную сытуацыю ў рэгіёне, вызваленьне палітвязьняў, санкцыйную палітыку, падтрымку беларусаў за мяжой і дапамогу ахвярам рэпрэсіяў.
Асобную ўвагу ўдзельнікі сустрэчы надалі супрацоўніцтву беларускіх дэмакратычных сілаў з Украінай, пагрозам з боку рэжыму Лукашэнкі, мілітарызацыі Беларусі і выкарыстаньню яе тэрыторыі Расеяй у ваенных мэтах. Ціханоўская заявіла, што адной з галоўных задачаў дэмакратычных сілаў застаецца недапушчэньне далейшага ўцягваньня Беларусі ў вайну.
Падчас візыту ў Прагу Ціханоўская таксама выступіла на паседжаньні Камітэту ў замежных справах, абароне і бясьпецы Сэнату Чэхіі на чале з Паўлам Фішэрам.
Чаму гэта важна
Ад пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны Чэхія перапыніла выдачу грамадзянам Беларусі новых візаў (у тым ліку турыстычных) і дазволаў на жыхарства. У лютым 2024 году чэскі ўрад падоўжыў дзеяньне гэтых абмежаваньняў на нявызначаны тэрмін. Таму абяцаньне Прагі спрасьціць візавы рэжым для сваякоў беларусаў, якія ўжо жывуць у Чэхіі, можа стаць адным з найбольш значных зьмякчэньняў візавых абмежаваньняў для грамадзян Беларусі за апошнія гады.
Варта адзначыць, што гэтую заяву зрабіў новы міністар замежных справаў Чэхіі Пэтр Мацінка, які ўзначаліў дыпляматычнае ведамства пасьля парлямэнцкіх выбараў летась увосень. Гэта можа сьведчыць пра гатоўнасьць новага чэскага ўраду перагледзець асобныя аспэкты ранейшай палітыкі ў дачыненьні да беларусаў.