Пуцін дазволіў арыштоўваць маёмасьць расейцаў па адміністрацыйных справах

Уладзімер Пуцін, архіўнае фота

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў закон, які дазваляе арыштоўваць маёмасьць расейцаў, што зьехалі з краіны, нават па адміністрацыйных справах.

Сярод такіх правінаў —

  • парушэньне парадку дзейнасьці так званага «замежнага агента»,
  • «злоўжываньне» свабодай масавай інфармацыі,
  • заклікі да «тэрарыстычнай» або «экстрэмісцкай» дзейнасьці,
  • заклікі да парушэньня тэрытарыяльнай цэласнасьці Расеі і да ўвядзеньня санкцыяў,
  • дыскрэдытацыя расейскага войска.

Закон дазваляе арыштоўваць маёмасьць і банкаўскія рахункі расейцаў, што жывуць за мяжой, у якасьці «меры забесьпячэньня» — да выплаты прызначанага адміністрацыйнага штрафу.

Прычым кошт арыштаванай маёмасьці можа значна перавышаць суму штрафу.

Закон набудзе моц 1 верасьня.

А што ў Беларусі

У Беларусі з 2022 году практыкуюцца завочныя суды над людзьмі, якіх рэжым у Беларусі лічыць сваімі праціўнікамі. І ў якасьці пакараньня прымяняецца так званая «спэцыяльная канфіскацыя» маёмасьці.

З 2023 году таксама дзейнічае асобны закон пра «адбіраньне маёмасьці» за недружалюбныя дзеяньні ў іншаземных кампаній і грамадзян.

Аналяга расейскаму закону пра арышт маёмасьці паводле адміністрацыйных спраў у Беларусі пакуль няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Раю „беглым“ забыць пра сваю ўласнасьць». Пра палітычныя канфіскацыі маёмасьці як інструмэнт помсты і застрашваньня