Ва Ўкраіне пры мяжы зь Беларусьсю над дарогамі пачнуць нацягваць сеткі ад дронаў

Антыдронавая сетка ў Харкаўскай вобласьці, ілюстрацыйнае фота

Пра гэта паведаміў кіраўнік Валынскай вобласьці Раман Раманюк на сустрэчы з жыхарамі самай паўночна-заходняй ва Ўкраіне Шацкай сельскай грамады.

Паводле Раманюка, з боку Беларусі застаюцца рызыкі, таму ў Валынскай вобласьці, якая мяжуе зь Берасьцейскай, ужо абсталявалі абарончыя пазыцыі і інжынэрныя загароды на мяжы.

А цяпер зьбіраюцца над асобнымі ўчасткамі дарог нацягнуць антыдронавыя сеткі.

«Мы павінны быць максымальна гатовыя да любога разьвіцьця падзей», — сказаў Раманюк.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Думаем, што будзе, як у 2022-м». Украінцы, якія жывуць на мяжы зь Беларусьсю, сур’ёзна ўспрымаюць пагрозу новага ўварваньня

Чаму гэта важна

26 траўня дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Аляксандар Вальфовіч у Маскве заявіў, што Украіна пастаянна запускае бесьпілётнікі цераз тэрыторыю Беларусі.

Украіна назвала гэтую заяву абсурднай.

А экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны расцанілі яе як інфармацыйную падрыхтоўку да імавернага выкарыстаньня Расеяй тэрыторыі Беларусі для запуску дронаў ва Ўкраіну.

«Расея можа выкарыстаць заяўленыя выпадкі знаходжаньня ўкраінскіх бесьпілётнікаў у паветранай прасторы Беларусі, каб апраўдаць выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для нанясеньня „ўдараў у адказ“ па Ўкраіне. Беларуская тэрыторыя дазволіла б Расеі наносіць бесьперапынныя ўдары бесьпілётнікамі па ўкраінскіх наземных лініях сувязі на захадзе і паўночным захадзе Ўкраіны, якія цяпер расейскія бесьпілётнікі ня могуць лёгка паразіць з дакладнасьцю і вялікай нагрузкай», — адзначаецца ў справаздачы.

Украінскія вайскоўцы неаднаразова фіксавалі ў беларускай паветранай прасторы расейскія дроны, якія ляцяць атакаваць Украіну.

«Фактычна расейскія дроны „Шахеды“, „Герберы“ як правіла, заходзяць праз Чарнігаўскую вобласьць па ўчастку мяжы з Расеяй, — тлумачыў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. — А далей яны ідуць уздоўж мяжы, і часта, зноў жа, гэтыя дроны ляцяць менавіта над тэрыторыяй Беларусі».

Акрамя таго, паводле ўкраінскіх памежнікаў, беларускія вайскоўцы разгортваюць рэтрансьлятары, якія ўзмацняюць сыгнал для расейскіх дронаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускага войска для «расейскай мясарубкі» хопіць на некалькі дзён, — аналітык Інстытуту вывучэньня вайны