Урокі Армэніі для Беларусі: як крызіс стаў шанцам для краіны

Гагік Царук’ян (зьлева) галасуе на выбарах у Армэніі 7 чэрвеня 2026 году

Сьцісла:

  • Армянскія выбары можна лічыць рэфэрэндумам аб геапалітычнай арыентацыі.
  • Ціск Расеі на Армэнію быў успрыняты армянскім грамадзтвам як замах на сувэрэнітэт краіны. У выніку расейская атака магла дадаць партыі Нікола Пашыньяна каля 20% галасоў.
  • Армэнія, таксама, як і Беларусь, моцна залежная ад Расеі. Тым ня менш армянскае кіраўніцтва займела свабоду выбару, бо можа абапірацца на народ. Чаго ня можа дазволіць сабе рэжым Беларусі, які выжывае дзякуючы падтрымцы Масквы.
  • Армянскі алігарх Гагік Царук’ян, які хацеў зьбегчы з краіны, называе сябе сябрам Лукашэнкі, дарыў яму каштоўныя падарункі. Ягоны сын, які знаходзіцца ў вышуку па абвінавачаньні ў хуліганстве і рабаваньні, хаваецца ў Беларусі.


Вынікі парлямэнцкіх выбараў у Армэніі ўжо названыя гістарычнымі і лёсавызначальнымі. Бо сумеснымі намаганьнямі і ўнутраных, і вонкавых палітычных суб’ектаў на парадку дня стала праблема геапалітычнага выбару. Армянскія выбары даюць падставы паразважаць пра пэўную навуку для Беларусі.

Геапалітычны выбар

Напярэдадні армянскіх выбараў на саміце ЭАЭС у Астане лідэры Беларусі, Расеі, Казахстану і Кіргізстану выступілі з заявай, у якой запатрабавалі ад Армэніі правесьці рэфэрэндум наконт сяброўства гэтай краіны ў Эўразійскім саюзе ці Эўразьвязе. Дзякуючы РФ тэма геапалітычнага вызначэньня выйшла ў гэтай выбарчай кампаніі на першы плян, усе іншыя праблемы былі адсунутыя ў бок. І можна сказаць, што той рэфэрэндум, на якім настойвалі кіраўнікі краін — чальцоў ЭАЭС, фактычна адбыўся. Пераканаўчую перамогу атрымала партыя «Грамадзянская дамова» дзейнага прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна, якая выступае за дыстанцыяваньне ад Расеі і збліжэньне з Захадам.

Армянскія выбары даюць грунт паразважаць пра пэўную навуку для Беларусі.

Умяшаньне Расеі дало адваротны эфэкт

Перадвыбарчыя сацыялягічныя апытаньні паказвалі іншую карціну, чым тая, якая атрымалася ў выніку. Згодна з дасьледаваньнямі Армянскай службы MPG у канцы траўня, грамадзяне аддавалі партыі Пашыньяна 29% сымпатыяў, а апазыцыі ў суме — 41%. Паводле апытаньня амэрыканскага IRI, кіроўная «Грамадзянская дамова» Пашыньяна мела каля 32% падтрымкі.

Але тут у кампанію ўмяшалася Расея. Забароны на ўвоз армянскай прадукцыі, публічныя пагрозы перакрыць газ ці паўтарыць украінскі сцэнар, ботафэрмы, фэйкавыя сайты, залучэньне армянскай дыяспары ў РФ — традыцыйны набор прыёмаў, якія выкарыстоўвае Масква. З Малдовай гэта ледзь не дало выніку. А вось з Армэніяй атрымаўся амаль зваротны эфэкт.

Ціск Расеі на Армэнію армянскае грамадзтва ўспрыняло не як напад на Пашыньяна, а як атаку на саму краіну, замах на сувэрэнітэт. Быў закрануты армянскі нацыянальны гонар, самалюбства. Гэта дапамагло Пашыньяну выступіць у ролі абаронцы сувэрэнітэту краіны і скансалідаваць на гэтай аснове значную частку грамадзтва. У выніку расейская атака магла дадаць партыі Пашыньяна калі 20% галасоў, яна займела калі 50% падтрымкі.

Важная навука з армянскіх выбараў палягае ў тым, што на постсавецкай прасторы грубае ўмяшаньне Расеі ў электаральную кампанію дае адмоўны, адваротны эфэкт. Антыімпэрскі нацыяналізм працуе нават у выпадку даволі русафільскай Армэніі. Расея — таксычная імпэрыя, яна слабее, патэнцыял яе «мяккай сілы» недастатковы, каб утрымаць нават моцна залежныя ад яе краіны, саюз зь ёю беспэрспэктыўны.

Гэта павінна надаць пэўны аптымізм беларускай дэмакратычнай супольнасьці. І няма ніякай фатальнай наканаванасьці — маўляў, лёс Беларусі вырашаецца ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На выбарах у Армэніі перамагла партыя Пашыньяна. Хто павіншаваў зь перамогай дзейнага прэм’ера

Пераасэнсаваньне паразы

Армянскі прыклад — добрая ілюстрацыя да вядомай высновы, што крызіс — гэта ня толькі праблемы, але і магчымасьці. Страта Карабаху, фіяска ў вайне з Азэрбайджанам — вялізная трагедыя армянскага народу. Параза ў вайне прыводзіла да палітычнага краху грандыёзныя палітычныя фігуры мінулага (Напалеон). Выбітнасьць Пашыньяна ў тым, што ён здолеў экзыстэнцыйную катастрофу ператварыць у чыньнік, які павінен вывесьці Армэнію на новую арбіту разьвіцьця. Ён прапанаваў грамадзтву пераасэнсаваць усю ранейшую канцэпцыю выжываньня, сфакусавацца на неабходнасьці зьмірыцца з мінулым і пачаць жыць будучыняй.

Зьнікненьне карабаскага цяжару дазваляе Армэніі пазбавіцца залежнасьці ад Расеі, дывэрсыфікаваць замежную палітыку, рабіць геапалітычныя развароты, шукаць новыя пункты апоры. І галоўнае пытаньне нядаўніх выбараў не пра цэны на газ ці забарону на каньяк, а пра цывілізацыйны выбар.

Таму важная выснова з армянскай гісторыі апошніх шасьці гадоў: ня бойцеся паразаў, зь іх можна атрымаць навуку, якая выводзіць краіну на вышэйшы ўзровень разьвіцьця.

Ці можна пераадолець залежнасьць ад Расеі

Армэнія, таксама як і Беларусь, моцна залежная ад Расеі. Паміж краінамі ёсьць шчыльныя гандлёвыя стасункі, Расея прадае за льготныя цэны газ, у Армэніі ёсьць расейская вайсковая база. Тым ня менш высьвятляецца, што, нягледзячы на гэта, Ерэван займеў свабоду выбару, прастору для манэўру, магчымасьць палітычнай гульні між Расеяй і Захадам. Бо пры канфлікце з Расеяй армянскае кіраўніцтва можа абапірацца на народ. Чаго ня можа дазволіць сабе рэжым Беларусі, які выжывае дзякуючы падтрымцы Масквы. Гэта выклікае нездаровую зайздрасьць, выліваецца ў дадатковае раздражненьне Аляксандра Лукашэнкі.

Беларуская і расейская прапаганда абвінавачваюць Армэнію ў тым, што, маўляў, выбары былі недэмакратычнымі, тамтэйшыя ўлады перасьледавалі апазыцыю. Пуцін і Лукашэнка як абаронцы дэмакратыі — гэта відовішча для багоў. Такія абвінавачаньні гучыць асабліва пацешна на тле развагаў валадара Беларусі пра тое, што варта падумаць, каб прэзыдэнта выбіраў не народ, а Ўсебеларускі народны сход, і ўвогуле варта вярнуцца да кіроўнай ролі адной партыі.

Няўдалыя ўцёкі сябра Лукашэнкі

Падчас заклікаў з Масквы пералічыць галасы на выбарах здарылася гісторыя з крымінальнай справай супраць мясцовага алігарха, лідэра партыі «Квітучая Армэнія» Гагіка Царук’яна, які спрабаваў вылецець з Армэніі, але праваахоўныя органы не дазволілі яму гэтага.

Паказальна тое, што яго партыя на апошніх выбарах не прайшла ў парлямэнт, бо ёй не хапіла 20 галасоў, каб пераадолець плянку ў 4% электаральнай падтрымкі. Здавалася б, у такой сытуацыі лідэр партыі мусіў бы заставацца ў краіне і ўпарта змагацца за пералік выбарчых бюлетэняў. Быў бы невялікі шанец, што ўдасца знайсьці гэтыя 20 галасоў, каб трапіць у парлямэнт. А ён у гэты крытычны момант хацеў зьбегчы. Выглядае, што ён сам ня надта верыць у вэрсію фальсыфікацыяў.

За гэтым алігархам цягнецца і беларускі сьлед. Мэдыя называюць Гагіка Царук’яна «сябрам Крамля». А ён сам аб’яўляў сябе сябрам Лукашэнкі. Тэлеграм-канал «Баграмян 26» называе Царук’яна «прабеларускім алігархам». У 2010 годзе ён падарыў малодшаму сыну Лукашэнкі чатырохсотлітровую (!) бочку каньяку з наказам адкрыць яе ў дзень вясельля Мікалая. Бочка нібыта да гэтага часу на захоўваньні ў Ерэване. Праз шэсьць гадоў Царук’ян падарыў сыну Лукашэнкі чатырох ільвоў, двух зь якіх трымалі ў менскім заапарку. Як называюцца такія дарагія падарункі сыну найвышэйшай службовай асобы — пытаньне да юрыстаў.

Чым аддзячыў свайму сябру Лукашэнка? Высьвятляецца, што сын бізнэсоўца Нвэр Царук’ян, які ўжо два гады знаходзіцца ў вышуку па абвінавачаньні ў хуліганстве і рабаваньні, хаваецца ў Беларусі. Пакуль беларускія ўлады яго не выдаюць, хоць быў афіцыйны зварот генэральнага пракурора Армэніі. Так пераплятаюцца палітыка і крымінальная хроніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Беларусі прызналі «экстрэмісцкімі» сацсеткі армянскай блогеркі, якую вывезьлі ў Ерэван на самалёце Лукашэнкаў