Памяць пра салідарнасьць. Расказваем пра выставу, якая можа прабіць на сьлязу ўсіх, хто ўдзельнічаў у падзеях 2020 году

Часткова спалены бюлэтэнь для галасаваньня на выбарах 2020 году

У варшаўскім Музэі Вольнай Беларусі адкрылася выстава «Дэпатрыяцыя», прысьвечаная беларускім нацыянальным сымбалям і артэфактам пратэсту, якія сёньня вымушана пакідаюць Беларусь. На ёй экспануюцца прадметы, што захавалі памяць пра салідарнасьць, супраціў і гісторыю дэмакратычнага руху.

Праект «Музэефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі» накіраваны на захаваньне ў бясьпечных умовах гістарычных каштоўнасьцяў, што паўсталі ў сучаснай Беларусі падчас супраціву дыктатуры Лукашэнкі. За паўгода існаваньня праекту Музэй Вольнай Беларусі атрымаў каля 170 новых матэрыяльных экспанатаў і некалькі тысяч электронных — фатаздымкаў і відэазапісаў, зробленых у Беларусі з 1992 па 2026 гады. Унутры краіны захоўваньне такіх артэфактаў можа прывесьці да перасьледу і рэпрэсіяў.

«„Дэпатрыяцыя“ — гэта калі Patria — Радзіма — ужо ня можа ўтрымліваць свае знакі. Калі нацыянальныя сымбалі выціскаюцца з сваёй уласнай прасторы. Калі рэчы пазбаўляюцца права быць у сябе дома. Халоднае і жорсткае, гэтае слова расказвае нам пра нешта большае, чым проста пра лёс музэйных экспанатаў», — так арганізатары выставы тлумачаць назву выставы.

Музэй Вольнай Беларусі супрацоўнічае зь людзьмі ўнутры Беларусі, дапамагаючы ім бясьпечна вывозіць артэфакты з краіны, кажа куратар выставы, гісторык, сваё імя дзеля бясьпекі ён просіць не называць.

«Людзі даверыліся нам, перадалі рэчы, якія ўсё яшчэ захоўваліся ў іхных архівах. Дзе толькі яны ні хаваюць такія рэчы! Ведаю, што хтосьці спаліў, зьнішчыў, бо баяўся захоўваць дома, а хтосьці закапаў у зямлю ці схаваў на гарышчы. І мы папрасілі іх падзяліцца, каб гэтыя прадметы захаваліся ў гісторыі. І людзі адгукнуліся, рызыкуючы. Мэтанакіравана перадалі нам шмат цікавага», — кажа Свабодзе куратар выставы.

2020 год

У цэнтры экспазыцыі — 20 абгарэлых бюлетэняў, уратаваных ад поўнага спаленьня ў берасьцейскай кацельні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. З аднаго бюлетэню вынікае, што выбарнік прагаласаваў за Андрэя Дзьмітрыева, у 19 астатніх «галачка» стаіць насупраць прозьвішча Ціханоўскай.

«На адваротным баку бюлетэняў ёсьць подпісы службовых асобаў, хоць прозьвішчы іх і так даўно вядомыя. Гэтыя бюлетэні мы ўжо выстаўлялі ў музэі па гарачых сьлядах, калі яны толькі дайшлі да нас. Вырашылі выставіць яшчэ раз», — працягвае гісторык.

Беларусы, якія цяпер за мяжой, у бясьпецы, таксама дзеляцца ўнікальнымі рэчамі, якія прывезьлі з сабой у эміграцыю. У экспазыцыі выставы ёсьць пасьведчаньне кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году, падпісанае старшынёй Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіяй Ярмошынай.

Ціханоўская сама прапанавала перадаць сваё пасьведчаньне ў музэй, калі супрацоўнікі расказалі ёй пра канцэпцыю выставы «Дэпатрыяцыя», кажа куратар выставы.

«Побач з дакумэнтам Ціханоўскай — некалькі кавалкаў цэглы з будынку СІЗА на вуліцы Валадарскага і бел-чырвона-белы сьцяжок. Удумайцеся, як гэта гучыць — з гэтым сьцяжком вязьні „Валадаркі“ 25 сакавіка 2022 году правялі сымбалічнае шэсьце па турэмных калідорах, рэальна прайшліся ад ахоўніка да ахоўніка. А чалавек вынес гэта з „Валадаркі“ і вывез за мяжу», — апавядае ён.

Сярод экспанатаў ёсьць бел-чырвона-белая шапачка для басэйну, у якой чалавек плаваў да 2025 году; байка журналіста Аляксандра Івуліна з мэрч-крамы расейскага відэаблогера Юрыя Дудзя з надпісам «Кайф», у якой Івулін хадзіў на суды; ёсьць байка з выявамі гукаапэратараў з Палацу дзяцей і моладзі Кірыла Галанава і Аляксандра Сакалоўскага і надпісам «Я жыву на плошчы Перамен», пералічвае куратар выставы.

«Мурал на трансфарматарнай будцы можна зафарбаваць і прыставіць да яго ахову, каб не намалявалі зноў, і людзі сталі хадзіць у такіх байках, сымбалізуючы пратэст — а да кожнай сьпіны ахову не прыставіш», — іранізуе суразмоўца.

Ёсьць фатаздымкі боепрыпасаў, якімі разганялі пратэсты ў 2020-м, і з спэцыфікацыі аднаго з экспанатаў вынікае, што тады ўжывалі ня толькі сьвятлашумавыя граматы, а і баявыя, падкрэсьлівае куратар выставы.

«Ёсьць і кранальны віртуальный экспанат: дзяўчынка падчас пратэстаў шыла бел-чырвона-белы сьцяг, а кампазытар Віктар Капыцька (на жаль, ужо нябожчык), натхнёны фота дзяўчынкі, напісаў мэлёдыю для цымбалаў і выклаў у сябе на YouTube-канале. Кампазыцыя будзе гучаць на выставе», — працягвае ён.

Газэты і ўлёткі 1990-х — «разгул дэмакратыі»

Адзін беларус перадаў Музэю свой архіў, які зьбіраў з пачатку 1990-х — у ім больш за 130 артэфактаў.

«У тым архіве шмат газэт: „Свабода“ за 1995 год зь вершамі „Лука Мудзішчаў — прэзыдэнт“ і „Лука Мудзішчаў адказвае Ведзьмаку Лысагорскаму“; спэцвыпуск з цытатамі Лукашэнкі, які выказваецца пра Гітлера; улёткі з заклікамі выходзіць на Чарнобыльскі шлях у 1996-м; улёткі пра першых беларускіх палітвязьняў Вадзіма Лабковіча і Аляксея Шыдлоўскага, якія ў 1997 годзе расьпісалі Стоўпцы лёзунгамі „Жыве Беларусь“, „Беларусь — наша Бацькаўшчына“, „Беларусь наш дом, наш храм“ і за такія надпісы трапілі за краты; самвывецкая брашура 1996 году „Ідзем кудысьці не туды“», — пералічвае куратар выставы.

Той беларус захаваў і артыкул Васіля Быкава ў газэце «Известия» з красамоўнай назвай «Беларусь стала ахвярай сваёй неразборлівасьці, але і Расея можа заблудзіць».

«Гэта рэфлексія Васіля Быкава на тое, што ў Беларусі выбралі прэзыдэнтам Лукашэнку, а расейская інтэлігенцыя, напэўна, палічыла выбар такой асобы несур’ёзным: „чаго вы выбралі такую дзіўную асобу?“ А Быкаў тады па-прароцку піша: „І Расея можа заблудзіць“. І, як мы бачым, яна ня толькі заблудзіла, яна перасягнула Беларусь», — мяркуе куратар выставы.

Ёсьць і «асобная думка» сябра адной з абласных выбарчых камісіяў аб тым, што на прэзыдэнцкіх выбарах 2010 году непразрыста падлічвалі галасы, паўсюль на ўчасткі не дапускалі назіральнікаў, і таму сябра камісіі ня можа назваць выбары сумленнымі і справядлівымі.

Дырэктарка Музэю Вольнай Беларусі «Музэефікацыя артэфактаў пратэсту ў Беларусі» Натальля Задзяркоўская тлумачыць, што выстава «Дэпатрыяцыя» — толькі частка праекту, які доўжыцца ўжо паўгода.

«Да гэтай выставы праект быў непублічны: мы нідзе не абвяшчалі, што ідзе збор экспанатаў, мы працавалі праз асабістыя кантакты зь беларусамі ў розных рэгіёнах. Мы даведаліся, як шмат цікавага ў тых людзей захавана, ў простым сэнсе закапана і чакае свайго часу.

Прыйдзе час, і гэтыя артэфакты дастануць. Гэта вялікі пласт найноўшай гісторыі, пакуль усё гэта трэба захаваць. Для людзей у Беларусі, якія не хацелі або фізычна не змаглі перадаць рэчы, мы зрабілі адукацыйныя ролікі, як іх захаваць для музэю», — мяркуе Натальля.

Выстава «Дэпатрыяцыя» будзе працаваць у Варшаве, у Музэі Вольнай Беларусі (ul. Foksal, 11) да канца чэрвеня.