Пад Масквою зноў узарваўся аўтамабіль з расейскім высокім вайсковым начальнікам

Пакарабачаную выбухам машыну грузяць на эвакуатар, Масква, 9 чэрвеня 2026

Гэта ўжо далёка ня першы падрыў аўтамабіля з расейскім афіцэрам, які за апошнія гады адбыўся ў Маскве ці Падмаскоўі.

Пры падрыве аўтамабіля ў Балашысе загінуў начальнік Галоўнага ракетна-артылерыйскага кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі Дамір Давыдаў, паведаміў тэлеграм-канал «ВЧК-ОГПУ», зьвязаны з расейскімі сілавікамі.

Афіцыйна імя загінулага ў Расеі пакуль не называюць, нічога не камэнтуе і Міністэрства абароны. Пры гэтым, як заўважыла «Медуза», пра гібель Давыдава напісаў і зьбеглы ўкраінскі блогер Анатоль Шары, які працуе на расейскую прапаганду.

Паводле ўкраінскага сайту «Міратворац», Давыдаў жыў у Балашысе на вуліцы Кажадуба. Яна перасякаецца з вуліцай Калдунова, дзе раніцай 9 чэрвеня ўзарваўся аўтамабіль.

Выбух адбыўся, калі Давыдаў сеў у машыну і паехаў. Газэта «Коммерсант» са спасылкай на крыніцы паведамляла, што пад дном аўтамабіля спрацавала выбуховае прыстасаваньне магутнасьцю да 500 грамаў трацілу.

Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ад расейскіх удараў ва Ўкраіне загінулі 17 чалавек у 5 абласьцях

Працяг ланцужка падрываў

Гэта далёка ня першы падрыў аўтамабілю з высокім расейскім вайсковым чыноўнікам. Прычым ня першы нават у Балашысе, што месьціцца пад Масквою. У красавіку 2025 году тут пры выбуху машыны загінуў генэрал Яраслаў Маскалік, намесьнік начальніка Галоўнага апэратыўнага кіраўніцтва Генэральнага штабу Ўзброеных сілаў РФ.

У лістападзе 2025 году суд прыгаварыў Ігната Кузіна, які, паводле вэрсіі ФСБ, заклаў выбухоўку ў машыну на заданьне ўкраінскіх спэцслужбаў, да пажыцьцёвага зьняволеньня.

З пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў шэрагу расейскіх і акупаваных украінскіх гарадах у выніку падрыву аўтамабіляў гінулі як расейскія вайскоўцы, так і ўкраінскія калябаранты, ня толькі афіцэры, але й дзяржаўныя службоўцы, якія перакінуліся на бок Расеі.

У ліпені 2024 году ў Маскве ў выніку падрыву аўтамабілю пацярпеў, але выжыў афіцэр Галоўнага выведнага кіраўніцтва Міністэрства абароны Расеі Андрэй Таргашоў. Ужо празь месяц на поўначы Масквы на паркоўцы каля жылога дому на Каровінскай шашы выбухнуў аўтамабіль Land Cruiser, у якім знаходзіўся колішні супрацоўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Празораў. Ён таксама пацярпеў, але не загінуў. Выбух адбыўся ў той момант, калі ён толькі сядаў у машыну.

У лістападзе 2024 году выбух грымнуў у акупаваным расейцамі Севастопалі — загінуў начальнік 41-й брыгады ракетных караблёў і катэраў Чарнаморскага флёту Расеі, капітан першага рангу Валерый Транкоўскі.

А ў сьнежні 2024 году ў Маскве падарваўся самакат, у выніку чаго загінуў генэрал-лейтэнант, начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялягічнай абароны Расеі Ігар Кірылаў.

Падарваныя такім чынам афіцэры бралі ўдзел у плянаваньні захопу Ўкраіны, вайсковых апэрацыях і ракетных абстрэлах. У зьдзяйсьненьні шэрагу з гэтых апэрацый сваю ролю адкрыта вызнала ўкраінская выведка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Севастопалі ад падрыву аўтамабіля загінуў расейскі вайсковец. У Кіеве прызналі сваю датычнасьць да апэрацыі