Беларускія праграмісты адсачылі, як Расея ўмешвалася ў парлямэнцкія выбары ў Армэніі

Павал Лібер

На парлямэнцкіх выбарах у Армэніі каманда беларускіх праграмістаў на чале з Паўлам Ліберам адсочвала ўмяшаньне ў выбары Расеі праз сацыяльныя сеткі. Лібер патлумачыў Свабодзе, чаму гэта важна і для беларусаў.

«Наша каманда мае прадукт грамадзянскага сэктару, які называецца design.ai. Гэта плятформа для вызначэньня скаардынаваных наратыўных апэрацый у сацыяльных сетках.

Гэта значыць, што калі які-небудзь вялікі актар накшталт Расеі, Кітаю, Ірану спрабуюць выкарыстаць сацыяльныя сеткі для таго, каб дыктаваць іншым краінам свой парадак дня. Зазвычай гэта асабліва актыўна адбываецца ў час нейкіх выбараў або нейкіх нешараговых падзей. Напрыклад, калі ў верасьні летась у Польшчу прыляцелі дроны, там была вялізная дэзынфармацыйная атака, мы таксама яе маніторылі. Таксама мы адсочвалі выбары ў Малдове і дапамагалі зараз нашым армянскім партнэрам з Media Initiative Center маніторыць выбары ў Армэніі», — расказаў Павал Лібер.

Плятформа зьбірае зьмесьціва практычна ўсіх відэа, камэнтароў, «шортаў», жывых уключэньняў, і камэнтары. Гэткім чынам зьяўляецца інфармацыя аб камэнтатарах, якія гэта ўсё распаўсюджваюць, і далей плятформа зьвязвае ўсе гэтыя зьвесткі паміж сабой.

Пры гэтым сачэньне за падазронай актыўнасьцю беларускія праграмісты пачалі загадзя, калі яшчэ толькі рыхтавалася перадвыбарная кампанія, у выпадку Армэніі гэта адбывалася з 1 студзеня, калі выбары былі прызначаныя на 7 чэрвеня.

«Можна зразумець, як выглядае інфармацыйная прастора ў сваёй норме, як яна ж выглядае перад выбарамі і, уласна, што новага там зьяўляецца. І мы якраз назіралі дзесяціразовы рост наратываў вакол антыўрадавых, антыэўрапейскіх тэмаў. Мы назіралі вялікую колькасьць новых камэнтатараў, якія зьяўляліся непасрэдна перад выбарамі ў гэтай інфармацыйнай прасторы. І па сутнасьці за ўвесь гэты час мы таксама будуем профіль камэнтатара і незвычайную актыўнасьць камэнтатараў», — дадае Лібер.

Напрыклад, пад увагу распрацоўкі беларусаў трапляюць тыя, хто ўвесь час у суполках камэнтуе ў адзін і той жа час, ці людзі, якія камэнтуюць вельмі хутка, напрыклад, два паўнатэкставыя камэнтары за 6-7 сэкундаў, ці людзі, якія актыўна выкарыстоўваюць скапіяваны тэкст, так званы «copy-paste».

«Мы зьбіраем усю гэтую інфармацыю, у нас вельмі вялікія аб’ёмы даных насамрэч, і гэтыя аб’ёмы дапамагаюць нашым партнэрам зразумець, што супраць іх у гэты момант вядзецца паўнавартасная інфармацыйная вайна. Сабраныя зьвесткі дапамагаюць ім рэагаваць на такія выклікі, будаваць контрнаратыўныя стратэгіі, мабілізаваць свае мэдыя і ўсе магутнасьці, каб гэтаму процідзейнічаць.

Мы, па сутнасьці, даем тэхнічную падтрымку. Ну і ў выпадку з Армэніяй гэта была відавочна выяўленая вялікая наратыўная атака, накіраваная на антыўрадавыя, антыэўрапейскія тэмы. Сутнасьць такой атакі — стварыць нейкую „новую нармальнасьць“, калі чалавек, заходзячы ў сацыяльныя сеткі, чытаючы камэнтары, бачыць толькі адну пазыцыю проста таму, што гэтая інфармацыйная прастора акупаваная. І гэта частка такой новай сучаснай гібрыднай вайны ў інфармацыйнай прасторы, калі на людзей спрабуюць узьдзейнічаць праз вось такія скаардынаваныя наратыўныя апэрацыі».

На гэтым палягае і высокая актуальнасьць для беларусаў, мяркуе Лібер. Бо адмыслоўцы бачаць вялікую колькасьць «ботаў», якія цяпер зьяўляюцца і ў беларускіх каналах, у Х, на YouTube, у тэлевізіі.

«Усе гэтыя боты пачынаюць спрабаваць ствараць перакручаную карціну сьвету, калі гаворка пра дзяржаўную палітыку, прарасейскую падачу, антыўкраінскія наратывы. І гэта робіцца вялікай стратэгіяй для буйных краін і гульцоў — кантроль над інфармацыйнай прасторай. Адпаведна, такім захадам трэба процістаяць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

На выбарах у Армэніі перамагла партыя Пашыньяна. Хто павіншаваў зь перамогай дзейнага прэм’ера