Юрыст, сябра Чэскай палаты адвакатаў Алесь Міхалевіч заявіў, што адхіленьне пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) Карыма Хана не адаб’ецца на працэдуры разгляду матэрыялаў ураду Літвы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў.
«Справа ня спыніцца. У эўрапейскім крымінальным судзе ад пэрсаналіі залежыць ня вельмі шмат. Тут ёсьць іншы вельмі важны працэс, які адбываецца, — гэта працэс пераасэнсаваньня і зьменаў у міжнародным праве. Яго можна коратка ахарактарызаваць як падвышэньне ролі права моцнага і, на жаль, у гэтым гэтым працэсе вельмі моцна прымаюць удзел, у тым ліку Злучаныя Штаты, якія юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда ня толькі не прызнаюць, але і зьдзяйсьняюць вялікі ціск на Міжнародны крымінальны суд», — сказаў Свабодзе Алесь Міхалевіч.
Паводле яго, роля пракурора становіцца вельмі важнай і істотнай, калі сапраўды чалавек знаходзіцца ўжо ў судзе, «калі, напрыклад, Аляксандра Лукашэнку ці Ўладзіміра Пуціна даставяць у суд».
«Так было зь некаторымі лідэрамі, напрыклад, Сэрбіі, калі іх дастаўляюць у суд і пачынаецца працэс, сапраўды ад пракурора залежыць вельмі шмат. На гэты момант не настолькі важна, хто на гэтай пасадзе, таму што вядзецца ўсяго толькі падрыхтоўчая праца, збор дакумэнтаў. Было сьцьверджана, што тых дакумэнтаў, якія сабраныя, тых фактаў, якія сабраныя, дастаткова, каб выдаць выдаць ордэр на арышт, а далей ужо непасрэдна, калі чалавек будзе ў юрысдыкцыі суда, будзе непасрэдна ў судзе, тады будзе вельмі вялікая роля пракурора, як дзяржаўнага чалавека, які ад імя тых дзяржаваў, якія прызнаюць кампэтэнцыю, юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суда, выстаўляе абвінавачаньне», — патлумачыў Алесь Міхалевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пракурора Міжнароднага крымінальнага суду, які меў разглядаць зварот Літвы аб злачынствах рэжыму Лукашэнкі, адхілілі ад пасадыШто папярэднічала і чаму гэта важна
Бюро Асамблеі дзяржаваў — удзельніц Рымскага статуту іжнароднага крымінальнага суда адхіліла ад пасады пракурора Карыма Хана праз абвінавачаньні у дамаганьнях ягонай памочніцы, юрысткі з Малайзіі. Карым Хан адмаўляе абвінавачаньні. Ён сьцьвярджае, што гэта ізраільская спэцапэрацыя, накіраваная на яго дыскрэдытацыю.
У сакавіку 2023 году МКС на запыт Хана выдаў ордэры на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна Расеі Марыі Львовай-Бяловай паводле абвінавачваньняў у незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Расею. У лістападзе 2024 году МКС на запыт Хана выдаў ордэры на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу і былога міністра абароны Ёава Галянта паводле абвінавачаньняў у ваенных злачынствах у сэктары Газа.
30 верасьня 2024 году ўрад Літвы афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў.
«Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін — удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС)», — адзначалася на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы. Пракурор МКС Карым Хан паведаміў, што разгледзіць зварот Літвы і вырашыць, ці ёсьць падставы для пачатку расьсьледаваньня. Ён падкрэсьліў, што зварот не вядзе аўтаматычна да адкрыцьця расьсьледаваньня.
Абвінавачваньні супраць Хана сталі вядомыя ў кастрычніку 2024 году.
У Расеі супраць Хана завялі крымінальную справу за незаконны перасьлед грамадзян Расеі. Маскоўскі гарадзкі суд завочна асудзіў яго на 15 гадоў пазбаўленьня волі.