Як паведамляецца на сайце суду, адпаведнае рашэньне ўхваліла бюро Асамблеі дзяржаваў – удзельніц Рымскага статуту МКС пасьля дысцыплінарнага слуханьня і на падставе справаздачы аб расьсьледаваньні Ўправы службаў унутранага нагляду ААН.
Як паведаміла агенцтва Reuters, адвакаты Карыма Хана назвалі гэтае рашэньне незаконным і заявілі, што яно не падмацавана доказамі.
Хан знаходзіцца ў адміністрацыйным адпачынку з траўня 2025 году да завяршэньня расьсьледаваньня абвінавачаньняў яго ў дамаганьнях.
Карым Хан стаў пракурорам Міжнароднага крымінальнага суду ў 2021 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сытуацыя няпэўнасьці. Якой будзе тактыка Лукашэнкі ў чаканьні навін з ГаагіШто папярэднічала
У сакавіку 2023 году МКС на запыт Хана выдаў ордэры на арышт расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна і дзіцячага омбудсмэна Расеі Марыі Львовай-Бяловай паводле абвінавачваньняў у незаконнай дэпартацыі дзяцей з акупаваных рэгіёнаў Украіны ў Расею. У лістападзе 2024 году МКС на запыт Хана выдаў ордэры на арышт прэм’ер-міністра Ізраілю Біньяміна Нэтаньягу і былога міністра абароны Ёава Галянта паводле абвінавачаньняў у ваенных злачынствах у сэктары Газа.
30 верасьня 2024 году ўрад Літвы афіцыйна перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе матэрыялы аб учыненьні прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі трансьмежавых злачынстваў супраць чалавечнасьці ў адносінах да беларусаў.
«Злачынствы былі ўчыненыя як на тэрыторыі Беларусі, так і на тэрыторыі краін – удзельніц Рымскага статуту, таму патэнцыйна падлягаюць юрысдыкцыі Міжнароднага крымінальнага суду (МКС)», — адзначалася на сайце Міністэрства юстыцыі Літвы. Пракурор МКС Карым Хан паведаміў, што разгледзіць зварот Літвы і вырашыць, ці ёсьць падставы для пачатку расьсьледаваньня. Ён падкрэсьліў, што зварот не вядзе аўтаматычна да адкрыцьця расьсьледаваньня.
Абвінавачваньні супраць Хана сталі вядомыя ў кастрычніку 2024 году. Яго абвінавацілі ў дамаганьні да памочніцы, юрысткі з Малайзіі. Карым Хан адмаўляе абвінавачаньні. Ён сьцьвярджае, што гэта ізраільская спэцапэрацыя, накіраваная на яго дыскрэдытацыю.
У Расеі супраць Хана завялі крымінальную справу за незаконны перасьлед грамадзян Расеі. Маскоўскі гарадзкі суд завочна асудзіў яго на 15 гадоў пазбаўленьня волі.