Як вынікае з агульнадзяржаўнай базы вакансіяў, апублікаванай на афіцыйным сайце службы занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі, найбольш лекараў — 616 — бракуе мэдычным установам Берасьцейскай вобласьці.
На другім месцы лякарні Горадзенскай вобласьці (599 вакансіяў лекараў), на трэцім — Менск (584). Далей ідуць Менская вобласьць (515), Магілёўская (486), Гомельская (457) і Віцебская (388).
У мэдычных установах Беларусі не хапае сярэдняга і малодшага мэдычнага пэрсаналу.
У вакансіях мэдычных сясьцёр наперадзе Менск (665), Берасьцейская вобласьць (311) і Горадзенская (220). За імі ідуць Менская вобласьць (200 вакансіяў), Магілёўская (188), Віцебская (150) і Гомельская (144). Усяго ў краіне 1878 вакансіяў мэдычнай сястры.
Найбольш санітараў (660) бракуе мэдычным установам Менску, Берасьцейскай (320) і Менскай (271) вобласьцяў. У Горадзенскай вобласьці шукаюць кандыдатаў на 209 вакансіяў санітараў, у Магілёўскай — на 147, у Віцебскай — на 133, у Гомельскай — на 132 вакансіі.
Такім чынам, найбольшы дэфіцыт мэдычных кадраў назіраецца ў Менску, Менскай, Горадзенскай і Берасьцейскай вобласьцях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускія мэдунівэрсытэты зьменшылі колькасьць платных месцаў амаль да нуля. Якія будуць наступствыШто папярэднічала і чаму гэта важна
5 чэрвеня на адкрыцьці шпіталя ў Горадні Аляксандар Лукашэнка назваў «чужымі» лекараў, што выехалі зь Беларусі за мяжу, і заклікаў іх вярнуцца, каб «посуд мыць» і выносіць сьмецьце.
Пасьля 2020 году ў Беларусі пачаліся масавыя рэпрэсіі, якія закранулі і лекараў. Многія зь іх актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах супраць гвалту і катаваньняў. Кіраўніцтва шпіталёў звальняла неляяльных мэдыкаў, хоць сярод іх былі прадстаўнікі ўнікальных для Беларусі спэцыялізацыяў.
У агучанай 5 чэрвеня інтэрпрэтацыі тых падзеяў Лукашэнкам мэдыкі нібыта выступалі ня супраць гвалту, а за страхавую мэдыцыну.