Як паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ, гэтыя лягеры могуць прыняць больш за 13 тысяч школьнікаў.
«Гэта амаль 200 зьменаў. Для дзяцей падрыхтавалі насычаную праграму: спартакіяды, камандныя гульні, экскурсіі і віктарыны. Казармы і намётавыя лягеры на тэрыторыі вайсковых частак — вайсковая атмасфэра, максымальна набліжаная да рэальнай», — адзначаецца ў публікацыі дзяржаўнага тэлеканалу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Школьнікі ня змогуць перайсьці ў выпускную клясу, калі адмовяцца ад навучальна-палявых збораўЧаму гэта важна
Пасьля пачатку ў 2022 годзе падтрыманай кіраўніцтвам Беларусі поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны ў адукацыйных установах пачалі шырока практыкаваць вайсковую падрыхтоўку школьнікаў і моладзі.
Мілітарызацыя стала адным з інструмэнтаў так званага патрыятычнага выхаваньня моладзі, заснаванага на тэме памяці пра «Вялікую айчынную вайну», як улады Беларусі называюць Другую ўсясьветную вайну.
З 2021 году Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі пачало актыўна ствараць пры школах «патрыятычныя клюбы». Паводле афіцыйнай інфармацыі, цяпер у Беларусі ўжо створаныя і дзейнічаюць прыблізна 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, якія аб’ядноўваюць больш за 5,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат школьнага ўзросту.
Сёлета вайскова-патрыятычнай прапагандай пачалі ахопліваць нават выхаванцаў дзіцячых садкоў.
Абавязковымі ў Беларусі сталі навучальна-палявыя зборы. Школьнікі ня могуць адмовіцца ад іх, бо зборы — частка адукацыйнага працэсу. Без адзнакі, атрыманай у выніку навучальна-палявых збораў, вучняў не атэстуюць у прадмеце «дапрызыўная і мэдычная падрыхтоўка» за навучальны год. А тых, хто адмовіўся ад удзелу ў зборах, могуць не перавесьці ў наступную, выпускную клясу.