Школы, музэі і прапагандысты Беларусі і анэксаванага Расеяй Крыму дамовіліся аб супрацы

На фэстывалі нацыянальных культур у Горадні, 7 чэрвеня 2026 году

Гэта адбылося ў межах удзелу дэлегацыі з анэксаванага Расеяй Крыму ў фэстывалі нацыянальных культур, што праходзіў у Горадні.

Як паведаміла «Крымская газэта», дэлегацыю ачольваў першы намесьнік сталага прадстаўніка Крыму пры расейскім прэзыдэнце Міхаіл Саломенцаў.

Калектыў «Таўрыя» адкрываў канцэртную праграму праграму на «Рускім падвор’і», а рамесьнікі прадэманстравалі свае вырабы «ручной работы з нацыянальным калярытам».

«Госьці фэстывалю з задавальненьнем удзельнічалі ў інтэрактыўных актыўнасьцях: зьбіралі пазлы ў выглядзе Крыму і фатаграфаваліся з лявандай — у летнім уборы з капялюшыкам і сукенкай», — паведаміла выданьне.

Дэлегацыя наведала Іўе, дзе падпісалі «пагадненьні аб супрацы паміж школамі і музэямі Крыму і Беларусі». У той жа час у публікацыі не ўдакладняюць, у якіх сфэрах гэтае ўзаемадзеяньне будзе ажыцьцяўляцца і хто сярод падпісантаў.

Апроч таго, дэлегацыя наведала рэдакцыю «Гродзенскай праўды» — абласнога дзяржаўнага выданьня.

«Гэта ня проста знаёмства двух вядучых рэгіянальных выданьняў саюзнай дзяржавы, гэта важны крок да разьвіцьця прафэсійнага і гуманітарнага супрацоўніцтва паміж Крымам і Беларусьсю», — адзначыла «Крымская газэта». У публікацыі сьцьвярджаюць, што ў часе сустрэчы таксама абмяркоўвалі «супольныя праекты, здольныя ўмацаваць інфармацыйныя сувязі паміж рэгіёнамі».

Выданьне працытавала кіраўніцу «Гродзенскай праўды» Тацяну Сяргееву, якая адной з задач супрацы назвала павелічэньне турыстычнага патоку.

«Нам вельмі цікава, чым жыве сучасны Крым, як разьвіваецца яго турыстычны патэнцыял. Беларусы шчыра любяць вашу прыроду, культуры і людзей. Мы будзем вельмі радыя, калі наша супраца дапаможа павялічыць турыстычны патэнцыял і пасадзейнічае таму, каб жыхары нашых краін яшчэ больш даведваліся і разумелі адзін аднаго», — сказала Сяргеева.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Сонца, мора і пясок. Але без бэнзіну. У акупаваным Расеяй Крыме турыстычны сэзон пачаўся зусім ня гладка

Чаму гэта важна

Расея анэксавала Крым у 2014 годзе. У верасьні 2022 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін аб’явіў аб анэксіі Херсонскай, Запароскай, Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны.

Кіеў і краіны Захаду загадзя абвясьцілі, што ні пры якіх абставінах не прызнаюць анэксію. Украіна заявіла, што будзе ўзброеным шляхам змагацца за вяртаньне акупаваных тэрыторый пад свой кантроль.

Беларусь юрыдычна пакуль так і не прызнала Крым расейскім.

Паводле ўкраінскага заканадаўства, нелегальнае наведваньне Крыму (праз Расею) перасьледуецца па законе. Яно лічыцца парушэньнем правілаў уезду на часова акупаваную тэрыторыю і пагражае штрафам, дэпартацыяй, арыштам, у асобных выпадках — пазбаўленьнем волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Стаўленік Пуціна ў Крыме абгрунтаваў адзінства беларусаў і расейцаў цытатай Багдановіча. Што ў ёй ня так

Беларусь пачала ўмацоўваць кантакты з анэксаваным Расеяй Крымам пасьля расейскага поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе:

  • у верасьні 2022 году пагадненьне аб супрацы падпісалі Менск і горад Севастопаль,
  • у сакавіку 2023 году дамову аб супрацы падпісалі Віцебскі аблвыканкам і акупацыйныя ўлады Крыму.
  • у чэрвені 2024 году ўлады Віцебска і Віцебскай вобласьці падпісалі пагадненьні з акупацыйнымі ўладамі Сімферопалю, Феадосіі і Сакскага раёну Крыму, а таксама пратакол аб намерах стварэньня свабоднай эканамічнай зоны «Віцебск — Крым».
  • у верасьні 2025 году ў Беларусі прайшлі дні Крыму.

Крым ня едзе. Як жыве акупаваны Расеяй паўвостраў ва ўмовах нястачы паліва