Лукашэнка прыняў прэзыдэнта Ганы, які вучыўся ў Маскве і ўжо наведваў Менск два гады таму

Прэзыдэнт Ганы Джон Драмані Махама і Аляксандар Лукашэнка, 8 чэрвеня 2026

8 чэрвеня Менск з афіцыйным візытам наведаў прэзыдэнт Ганы Джон Драмані Махама. Прымаючы афрыканскага госьця ў Палацы Незалежнасьці, Аляксандр Лукашэнка сказаў пра «кропку апоры» для эканомікі Беларусі на захадзе «унікальнага прыроднага ўтварэньня, якім зьяўляецца Афрыканскі кантынэнт».

Прэзыдэнт Ганы ў адказ заявіў пра намер будаваць з Беларусьсю «партнэрскія адносіны».

«У дадзены момант мы спрабуем вызначыцца на Афрыканскім кантынэнце, на каго абаперціся, з кім у першую чаргу супрацоўнічаць», — прызнаўся кіраўнік Беларусі прэзыдэнту Ганы і прапанаваў стварыць у Беларусі супольнае прадпрыемства па перапрацоўцы какава—бабоў — асноўнай экспартнай сельскагаспадарчай культуры гэтай краіны, паведаміў дзяржаўны тэлеканал АНТ.

«Калі мы зможам забясьпечыць вашы інтарэсы тут, у Эўропе, вы можаце абаперціся на Беларусь», — дадаў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым ён абышоў увагай той факт, што палітычныя стасункі Беларусі з Эўразьвязам фактычна замарожаныя, эканамічнае супрацоўніцтва перажывае спад, а краіна знаходзіцца пад жорсткімі санкцыямі Эўразьвязу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Посьпехі там, дзе не было Лукашэнкі. Як Беларусь гандлюе з Афрыкай

Што вядома пра Гану і чаму гэта важна

Здаўна Гана вядомая як экспарцёр золата, яна ўваходзіць у дзясятку усясьветных пастаўшчыкоў гэтага каштоўнага мэталю.

У Беларусі Гану ведаюць таксама як краіну, адкуль мігранты масава спрабуюць перабрацца ў ЗША і краіны Эўропы, у тым ліку пранікаюць у краіны Эўропы праз тэрыторыю Беларусі.

Грамадзяне Ганы пэрыядычна фігуруюць у паведамленьнях з межаў краін, якія мяжуюць з Беларусьсю. Мігранцкая плынь з Ганы апошнія 7 гадоў імкліва павялічваецца, цяпер за межамі краіны знаходзяцца больш за мільён грамадзянаў. Колькасьць ганцаў, якія жывуць і працуюць у Беларусі нязначная, хаця апошнімі гадамі іх настойліва запрашаюць на працу. У Гане на тэрыторыі, параўнальнай з тэрыторыяй Беларусі, пражывае 33 мільёны чалавек.

Прэзыдэнту Ганы Джону Драмані 67 гадоў, ён абіраўся на гэты пост двойчы. Першы раз быў прэзыдэнтам у 2012-2017 гадах, летась у студзені заступіў на гэтую пасаду ў другі раз пасьля перамогі на выбарах у канцы 2024 году. Вядома, што два гады таму, калі яшчэ ня стаў зноў прэзыдэнтам, Джон Драмэн Махама наведваў Беларусь і паводле ягоных словаў «пакляўся прыехаць» зноў.

Джон Драмані Махама скончыў Унівэрсытэт Ганы, а ў 1986–1988 гадах навучаўся ў Маскве.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Тысячы людзей стаяць вакол скрыні і хорам лічаць галасы», — беларуска параўнала выбары ў Гане і ў Беларусі