Аўтар выданьня Dziennik. Gazeta Prawna падкрэсьлівае, што Мілінкевіч, які быў адным з сымбаляў беларускай апазыцыі ў 2006 годзе і кандыдатам на прэзыдэнта, сёньня апынуўся ў складанай жыцьцёвай сытуацыі ў Польшчы.
Летась 25 лістапада Аляксандру Мілінкевічу зрабілі складаную апэрацыю. Яму выдалілі тромб. Пасьля гэтага ўзьніклі ўскладненьні. Зараз палітык мае патрэбу ў далейшай рэабілітацыі. Нядаўна жонка Мілінкевіча Іна Кулей абвясьціла пра збор сродкаў на рэабілітацыі. У інтэрнэце патрэбную суму сабралі 120 тысяч злотых (каля 33 тысяч даляраў ЗША) за два дні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Мілінкевічу за два дні сабралі суму, неабходную для рэабілітацыі пасьля апэрацыі«Мілінкевіч належаў да тых прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія арыентаваліся на Польшчу трошкі больш, чым шматвэктарная апазыцыя 2010 года, і без параўнаньня выразна больш, чым яе наступнікі ў 2020 годзе. Для інтэлігенцыі савецкай Горадні ПНР і яе дзяржаўныя мэдыя былі акном у сьвет. Натхненьне ж яна знаходзіла ў „Салідарнасьці“ 1980-х гадоў. Агульны кандыдат апазыцыі 2006 года быў саюзьнікам нашай усходняй палітыкі, якая прадугледжвала падтрымку дэмакратычных рухаў і адцягваньне ўсходнеэўрапейскіх дзяржаў ад Расеі». — піша Патоцкі.
У артыкуле адзначаецца, што Мілінкевіч пасьля перасьледу з боку беларускіх уладаў быў вымушаны пакінуць краіну, а яго маёмасьць і дом у Беларусі фактычна страчаныя. Аўтар нагадвае, што сям’я зьбірае сродкі на рэабілітацыю і паўсядзённыя выдаткі праз дабрачынныя плятформы.
«Постаці такога ўзроўню можна пералічыць на пальцах адной рукі. Польская дзяржава можа дазволіць сабе, каб яны не мусілі турбавацца пра сваё існаваньне ў старасьці (...) Польская дзяржава не павінна пра іх забыць. У выпадку Аляксандра Мілінкевіча, на шчасьце, пакуль ня позна». — лічыць Міхал Патоцкі.