Паводле Семянцова, беларусаў у сьпісе на абмен няма.
У 2026 годзе абмены ваеннапалоннымі паміж Украінай і Расеяй адбываюцца на тэрыторыі Беларусі. Амаль палова тых, хто сёньня вяртаецца з палону, былі знойдзеныя блізкімі праз праект «Хачу знайсьці». Праект надаў родным пацьверджаньне факту палону, і гэта дапамагло дамагчыся прысваеньня статусу ваеннапалоннага ў Расеі.
51% тых расейскіх ваеннапалонных, якіх абмянялі 5 чэрвеня, падпісалі кантракты з Мінабароны Расеі з месцаў пазбаўленьня волі або знаходзіліся ў Расеі пад пагрозай крымінальнай адказнасьці. Ужо другі абмен запар Расея вяртае сабе пераважна гэтую катэгорыю вайскоўцаў. У мінулым абмене 15 траўня такіх было 54%, адзначае праект «Хачу знайсьці».
Абмен ваеннапалоннымі. 5 чэрвеня 2026 г.
Пра абмен напісаў і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.
Паводле ягоных слоў, з палону вярнуліся яшчэ 185 украінскіх абаронцаў і адзін мірны жыхар.
«Вайскоўцы Узброеных Сіл Украіны, Нацыянальнай гвардыі і Дзяржаўнай памежнай службы. Радавыя, сяржанты і афіцэры. Яны абаранялі нашу дзяржаву ў Марыюпалі і на Азоўсталі, а таксама на Данецкім, Луганскім, Харкаўскім, Херсонскім, Запароскім, Сумскім, Кіеўскім і Курскім напрамках. Сярод іх ёсьць тыя, хто вяртаецца пасьля гадоў расейскага палону, у якім яны знаходзіліся з 2022-га», —напісаў Зяленскі.
У Міністэрстве абароны Расеі инфармацыі аб правядзеньні чарговага абмену палоннымі не давалі.
Чаму гэта важна
Расея і Ўкраіны праводзяць абмены палоннымі на беларуска-ўкраінскай мяжы з 2024 году, калі гэта стала немагчыма рабіць на ўкраінска-расейскай мяжы праз пачатак украінскімі войскамі апэрацыі ў Курскай вобласьці Расеі.
Грамадзяне Беларусі ваююць на баку Расеі і Ўкраіны, і ў абедзьвюх краінах ёсьць ваеннапалонныя беларусы.
Згодна зь неафіцыйнай інфармацыяй, у расейскім палоне знаходзяцца прынамсі двое грамадзян Беларусі, а ва ўкраінскім — ня менш за 17 беларусаў.
З пачатку вайны Ўкраіна перадала Расеі некалькіх палонных беларусаў.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі й этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за сотню тых, хто ваяваў на баку Расеі.