Пасьля выхаду на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі СТВ перадачы прапагандыста Рамана Пратасевіча пра тое, што новабраная дэлегатка Каардынацыйнай рады Аліна Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з агентам СБУ, а ім выявіўся супрацоўнік КДБ, Аліна пацьвердзіла гэта.
У Фэйсбуку яна напісала, што яе падманулі, калі яна была ва ўразьлівым становішчы:
«Мне напісалі „з СБУ“ каля году таму, у той час на мяне аказваўся вялікі ціск з боку КДБ, маіх сваякоў затрымлівалі, а мне пагражалі і ўвесь час тэлефанавалі. Паралельна ў мяне былі суіцыдальныя думкі, мне дыягнаставалі дэпрэсію сярэдняй цяжкасьці, пасадзілі на таблеткі. Прыкладна ў гэты ж час мяне зьбіла машына з п’яным кіроўцам... Ну вы разумееце, які стан у мяне быў. Я была ў вельмі ўразьлівым становішчы».
Фальшывы «прадстаўнік СБУ» некалькі дзён угаворваў Аліну пайсьці зь ім на кантакт, пераконваючы, што гэта робіцца для таго, каб Украіна і беларускія дэмакратычныя сілы наладжвалі сувязі.
«Праз гэтыя пераконваньні я выйшла на сувязь», — тлумачыць Аліна.
Але яна сьцьвярджае, што хутка схамянулася — чалавек дзіўна сябе паводзіў, адцягваў сустрэчу ва Ўкраіне і задаваў дзіўныя пытаньні, адказаў на якія Аліна ўнікала.
«Я ніводнага разу не напісала нічога звыш таго, што ёсьць у пабліку, што я агучвала ў этэрах „Эўрарадыё“. У большасьці момантаў я гуляла дурнічку і ігнаравала паведамленьні па некалькі содняў, бо я зразумела, што сытуацыя вельмі дзіўная. Я выдаляла дыялёг для двух бакоў, блякавала кантакт, але ён пісаў з новых (...) і пагражаў расправай», — тлумачыць яна.
Аліна прызнае, што ўчыніла кепска, і гатовая прайсьці паліграф.
«Бачу гэта адзіным спосабам даказаць вам, што тое, што я кажу, — абсалютная праўда», — піша яна.
Офіс Ціханоўскай прыпыніў супрацу з Харысавай
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў «Люстэрку», што Аліна Харысава ня ёсьць штатнай супрацоўніцай Офісу, а ўзаемадзейнічае на валянтэрскіх пачатках як экспэртка.
Праверка ж каманды на прадмет супрацы са спэцслужбамі залежыць ад узроўню доступу да той ці іншай інфармацыі, адзначыў ён.
«Ёсьць унутраныя правілы і пратаколы бясьпекі, які пастаянна ўдасканальваюцца. Мы ўжо пачалі перагляд працэдураў, і найперш правядзем размовы ўнутры каманды і з партнэрамі. На жаль, чалавечы фактар заўжды існуе, і рэжым гэтым карыстаецца», — сказаў Вячорка.
Ён дадаў, што ў Офісе ня ведалі, што Харысава пагадзілася супрацоўнічаць з спэцслужбамі іншай краіны.
«Гэта непрымальна, і гэта парушэньне нашых правілаў бясьпекі. Мы прыпынілі супрацу з Алінай і праводзім дадатковую праверку», — заявіў Вячорка.
Аліна Харысава гэтаму запярэчыла:
«Я казала камандзе некалькі разоў, што мы ўступілі ў камунікацыю і што мне пішуць з СБУ і КДБ паралельна», — заявіла яна «Люстэрку».
Якія былі рэакцыі ў сацсетках
Думкі актывістаў аб гэтым у сацсетках падзяліліся. Адны прапануюць Аліне сысьці з палітыкі, а яе нядаўна абралі ў Каардынацыйную Раду, іншыя падтрымліваюць Аліну і пішуць, што супраць дэмакратычных сілаў вядзецца сапраўдная вайна:
- «Трымайся. Пра такія рэчы варта адразу апавядаць калегам. Памылка ў пратаколе бясьпекі тут ёсьць. Але памылкі з усімі здараюцца».
- «Аліна, вас судзіць, можа, і ня трэба, але пасьля такога вы павінны сысьці і трымацца на гарматны стрэл ад палітыкі і ад усяго, што з гэтым зьвязана. Дабрахоць завэрбавацца да любой замежнай спэцслужбы — брыдота і здрада без варыянтаў».
- «Апраўданьня не бывае! Чалавек уступае ў гульню, правілы якой яму ніколі не паведамляюць і аб наступствах ён нават не здагадваецца. Дзіцячыя гульні даўно скончыліся, а вы так і не зрабіліся дарослымі».
- «З якога часу дэпрэсія можа быць апраўданьнем хлусьні? Чаму ты, нарэшце, не сказала нікому, што ты супрацоўнічаеш са спэцслужбай замежнай дзяржавы ў стане вайны, нават калі адкінуць тое, што гэта КДБ?»
- «Памылка камунікацыі з гэбʼём непрыемная, але ж не крытычная. Нагода для цкаваньня забудзецца праз месяц... А нам усім чарговы напамін пра тое, што супраць нас працуе цэлы дзяржаўны апарат, які будзе шукаць любы слабы пункт у нашай абароне. Будзьма пільныя».