Адна з арганізатарак летніка Аксана Акуневіч, выкладчыца фізыкі і інфарматыкі, расказала Свабодзе:
«Калі мы прыехалі ў Грузію ў 2022 годзе, тут сабралася вялікая колькасьць дзяцей з розных краін. Спачатку гэта былі пераважна беларусы, але ўжо ў 2023 годзе многія разьехаліся далей.
Я заўважыла, што ў дзяцей час ідзе ня так, як у нас, дарослых, і вельмі хутка губляюцца сувязі. Здавалася б, яшчэ нядаўна яны жылі ў адной краіне, размаўлялі на адной мове, мелі агульныя інтарэсы. Але, трапляючы ў новыя краіны, яны паступова раствараюцца ў новым асяродзьдзі».
Аксана Акуневіч
Аксане з камандай падалося вельмі важным стварыць месца, дзе дзеці і падлеткі маглі б хаця б раз на год сустракацца і дзяліцца досьведам жыцьця ў розных краінах. Як вядома, тым, хто застаўся ў Беларусі, вельмі цяжка атрымаць візы і патрапіць у краіны Эўрапейскага зьвязу. А Грузія, на думку Акуневіч, дагэтуль застаецца адносна даступнай і бясьпечнай.
Як яна паведаміла, у Грузію могуць прыехаць дзеці і зь Беларусі, і з краін Эўразьвязу:
«Грузія можа стаць своеасаблівым хабам для падтрыманьня сувязяў паміж дзецьмі і падлеткамі».
Дзецям абяцаюць поўнае пэдагагічнае і псыхалягічнае суправаджэньне з Варшавы, Вільні і Менска, да летніка можна паехаць у суправаджэньні бацькоў.
Што трэба ведаць пра летнік «Зьлёткі»
«Зьлёткі» — міжнародны навукова-аздараўленчы летнік для беларускамоўных дзяцей, які арганізуе ў Грузіі беларуска Аксана Акуневіч.
Праект аб’ядноўвае дзяцей з розных краін і спалучае адпачынак на моры з адукацыйнымі, прыродазнаўчымі і творчымі актыўнасьцямі.
Летнік прапануе наступныя асаблівасьці:
- Адукацыя і разьвіцьцё: дзеці паглыбляюцца ў беларускую мову і культуру, вывучаюць навакольны сьвет і ўдзельнічаюць у актыўных гульнях.
- Зьмены традыцыйна праходзяць на ўзьбярэжжы Грузіі, недалёка ад Батумі, у раёне Ўрэкі, дзе ёсьць унікальныя магнітныя чорныя пяскі.
- У летніка міжнародны фармат: удзельнічаюць беларускія дзеці, чые семʼі зьехалі зь Беларусі, што дазваляе стварыць бясьпечнае асяродзьдзе для зносін.
Акрамя летніка, Аксана Акуневіч заснавала ў Батумі шматфункцыянальную прастору «аКсяродак» і першую онлайн беларускамоўную школу ў Грузіі.