Новы прэм’ер Латвіі заклікаў спыніць увесь гандаль зь Беларусьсю

Андрыс Кулбэргс, архіўнае фота

Латвіі неабходна спыніць усякія гандлёвыя дачыненьні з Расеяй і Беларусьсю, заявіў 2 чэрвеня прэм’ер-міністар Латвіі Андрыс Кулбэргс, які заступіў на пасаду 28 траўня.

Паводле яго, ён ужо даручыў міністарцы замежных спраў Байбэ Бражэ разам з Эўразьвязам знайсьці рашэньне, як рэалізаваць поўную адмову ад гандлёвых сувязяў з краінамі-агрэсарамі.

«Гэта непатрэбная залежнасьць, якая толькі пагаршае сытуацыю», — цытуе яго Delfi.

Кулбэргс удакладніў, што гаворка ідзе як пра экспарт, так і пра імпарт.

Ён дадаў, што выключэньні могуць быць толькі для фармацэўтычных прадпрыемстваў Латвіі, бо яны ня могуць хутка пераарыентавацца на іншыя рынкі.

У траўні Міністэрства транспартных зносін Латвіі падрыхтавала папраўкі для поўнай забароны рэгулярных і транзытных аўтобусных рэйсаў зь Беларусьсю і Расеяй. Нерэгулярныя рэйсы пад забаронай ужо зь мінулай восені.

Андрыс Кулбэргс прыйшоў на пасаду прэм’ер-міністра Латвіі пасьля адстаўкі Эвікі Сыліні, чый урад распаўся праз крызіс вакол залёту ў Латвію ваенных дронаў і выкліканай гэтым адстаўкі міністра абароны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У латвійскім рэгіёне на мяжы зь Беларусьсю, за месяц упалі тры бесьпілётнікі. Што гавораць жыхары