У Маскве і Маскоўскай вобласьці абмежаваньні на продаж паліва былі ўведзеныя на запраўках ОРТК, «Лукойла» і «Газпрома», піша MSK1.ru.
- На АЗС сеткі ОРТК з 30 траўня прадаюць ня больш за 60 літраў бэнзіну або 100 літраў дызэлю аднаму пакупніку.
- На запраўках «Лукойла» — да 100 літраў бэнзіну.
- У «Газпрома» абмежаваньні складаюць «100–150 літраў» на бэнзін і дызэль.
2 чэрвеня «Фонтанка» паведаміла пра «часовыя цяжкасьці» з пастаўкамі паліва ў Санкт-Пецярбург. Праз гэта некаторыя запраўкі ў горадзе ўвялі ліміт на продаж бэнзіну — ад 50 да 95 літраў.
Абмежаваньні на продаж паліва таксама ўведзеныя ў Белгародзкай і Курскай вобласьцях, так званай «ЛНР» і анэксаваным Крыме.
Паводле зьвестак крыніцы «Коммерсанта» на паліўным рынку, «калі сытуацыя ня выправіцца», то да пачатку жніўня падобныя праблемы «пашырацца на большую колькасьць рэгіёнаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля ўкраінскіх удараў па расейскіх НПЗ аб’ём продажаў беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы вырас у 26 разоўЧаму гэта важна
Хоць закупкамі зь Беларусі немагчыма закрыць дэфіцыт паліва, які ўтварыўся ў Расеі пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ, пра што сьведчаць і расейскія аналітыкі, але беларускія пастаўкі могуць зьмякчыць дэфіцыт, даўшы расейскім заводам час на рамонт. У цяперашняй сытуацыі пры дэфіцыце бэнзіну расейскія рэгіёны зьвяртаюць увагу на Беларусь.
Сумарны аб’ём продажаў бэнзіну зь беларускіх НПЗ на расейскай Пецярбурскай біржы вырас у 26 разоў у параўнаньні зь леташнім траўнем.
Улады Беларусі з 2022 году падтрымліваюць Расею ў яе вайне супраць Украіны, у тым ліку надаючы расейскаму войску сваю тэрыторыю, памежныя пераходы, тылавую інфраструктуру, а таксама прадукцыю свайго ВПК.