Больш за палову попыту прыпадае на маркі Belgee і Geely. Такую статыстыку за травень падае выданьне «Белорусы и рынок». З 8,1 тыс. новых аўто, прададзеных у Беларусі за месяц, 4,25 тыс. склалі аўтамабілі менавіта згаданых марак.
Завод «Белджы», які займаецца іх продажам, паказаў рэкордны вынік рэалізацыі за ўсю гісторыю.
У цэлым, паводле зьвестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, у траўні рынак новых легкавых аўтамабіляў Беларусі працягнуў дэманстраваць высокія тэмпы росту. Па выніках траўню ў краіне машынаў прадалі на 21,5% больш, чым месяцам раней.
Найбольшы ўнёсак у рост рынку ўнёс сэгмэнт аўтамабіляў на новых крыніцах энэргіі (NEV), які ўключае гібрыдныя і цалкам электрычныя мадэлі.
У параўнаньні з красавіком продажы аўтамабіляў з рухавікамі ўнутранага згараньня павялічыліся на 2%, тады як продажы гібрыдаў вырасьлі на 50%, а электрамабіляў — на 47%.
Па выніках месяца аб’ём продажаў электрамабіляў дасягнуў 3,5 тыс. адзінак, што стала самым высокім паказьнікам за ўсю гісторыю назіраньняў на рынку новых аўтамабіляў Беларусі.
У гібрыдных аўтамабілях асноўны прырост забясьпечыў брэнд Belgee. Продажы гібрыдных мадэляў маркі павялічыліся больш як на 50% у параўнаньні з красавіком і дасягнулі 600 аўтамабіляў. Завод «Белджы» паказаў рэкордны вынік рэалізацыі за ўсю гісторыю, па выніках траўня было прадаўшы 4250 аўтамабіляў.
У сэгмэнце электрамабіляў найболей прыкметную дынаміку прадэманстраваў брэнд Dongfeng, павялічыўшы продажы практычна ў тры разы. За мінулы месяц прадалі 1,4 тыс. аўтамабіляў маркі.
Рост продажаў аўтамабіляў-гібрыдаў падтрымліваецца разьвіцьцём лякальнай вытворчасьці, а высокая цікавасьць да электрамабіляў шмат у чым захоўваецца дзякуючы льготам для гэтага віду транспарту.
Пакараньне для Belgee
Пры гэтым сёлета завод "Белджы" трапіў у скандал. На просьбы неабыякавых грамадзян адмыслоўцы МАРГ прааналізавалі дынаміку цэнаў на аўтамабіль Belgee S50. Высьветлілася, што ў канцы 2025 году гэты аўтамабіль прадаваўся па цэнах ад 52,9 да 60,9 тыс. рублёў у залежнасьці ад камплектацыі.
Нягледзячы на заяўленую зьніжку, раздробны кошт аўтамабіля застаўся на ўзроўні цаны з моманту вываду мадэлі на рынак (са сьнежня 2024 году).
«Распаўсюд падобных зьвестак можа ўводзіць спажыўцоў у зман адносна рэальнага зьніжэньня кошту тавару і меркаванай выгады ад пакупкі, што зьмяшчае прыкметы парушэньня заканадаўства аб рэкляме і абароне правоў спажыўцоў», — гаворыцца ў паведамленьні МАРГ.
Ведамства папярэдзіла «Белджы» «аб недапушчальнасьці падобных прыёмаў прасоўваньня тавару.
Калі ў 2019 годзе маркі «Белджы» і Geely статыстычна складалі 10,7% у долі продажу новых машын у краіне, то за студзень–верасень 2025 году — 50,7%.