«Размарожваньне» санкцый супраць беларускіх атлетаў на міжнародным узроўні працягваецца. Штотыдзень здымаюцца ўсё новыя абмежаваньні.
Міжнародная фэдэрацыя фэхтаваньня (FIE) зьняла абмежаваньні зь Беларусі. Пра гэта FIE заявіла ў адмысловым паведамленьні на сваёй афіцыйнай старонцы.
Цяпер беларусам дазволілі спаборнічаць пад сваім сьцягам і з гімнам.
Разам зь беларусамі абмежаваньні зьнялі з расейскіх фэхтавальнікаў.
Найбліжэйшы буйны турнір — чэмпіянат сьвету. Ён адбудзецца ужо 22-30 ліпеня ў Ганконгу. Такім чынам, беларускія фэхтавальнікі маюць амаль два месяцы, каб падрыхтавацца да яго.
Варта адзначыць, што фэхтаваньне ня самы пасьпяховы від для беларусаў. За ўсю гісторыю ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях у часы незалежнасьці краіны беларусы ніколі не здабывалі мэдалёў у гэтым відзе. Найвышэйшым месцам было 4-е. Яго на Гульнях 2004 у Атэнах заняў шабліст Дзьмітры Лапкес у асабістых спаборніцтвах.
Санкцыі ў спартовай галіне, у тым ліку фэхтаваньні, уводзілі за саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі ў расейскай паўнамаштабнай агрэсіі супраць Украіны ў лютым 2022 году. Вайна працягваецца па сёньня, але абмежаваньні супраць спартоўцаў дзьвюх краін пачалі здымаць.
Чаму пачалі здымаць санкцыі?
7 траўня 2026 году Выканаўчы камітэт МАК скасаваў ранейшыя рэкамэндаваныя ўмовы ад 28 лютага 2022 году і 28 сакавіка 2023 году ў дачыненьні Беларусі і беларускіх спартоўцаў.
Пакуль толькі Ўсясьветная арганізацыя лёгкай атлетыкі (World Athletics) пакінула дзейным адхіленьне беларускіх спартоўцаў ад спаборніцтваў, што праходзяць пад яе эгідай.
У большасьці відаў абмежаваньні здымаюць як зь беларусаў, так і з расейцаў. Адным з выняткаў стала рашэньне Эўрапейскага гімнастычнага зьвязу, які пакінуў удзел расейцаў на ўмовах строгай нэўтральнасьці і без сымбаляў, а зь беларусаў абмежаваньні зьняў.
Беларусаў ужо дапусьцілі да спаборніцтваў пад дзяржаўным чырвона-зялёным сьцягам і гімнам у спартовай гімнастыцы, плаваньні, сучасным пяціборстве, водных лыжах, тайскім боксе, більярдзе і некалькіх іншых відах. У хакеі санкцыі зьнялі пакуль толькі зь юнацкай і дзявочай зборных краіны.