Яна стала вынікам праекту «Нашы гісторыі» — шматмесячнай адукацыйнай праграмы, дзе ўдзельніцы пісалі тэксты, рабілі фота і вучыліся расказваць, праз што ім давялося прайсьці.
Фота як тэрапія
Праект задумала і рэалізавала Лілія Беразюк, якая сама апынулася ў вымушанай эміграцыі.
«Я разумела, што аказалася адна ў чужым месцы ў чужы час і ў стане, у якім не было сіл ні на што. І я падумала, што такіх, як я, можа быць шмат», — тлумачыць яна Свабодзе.
Лілія Беразюк, стваральніца праекта «Нашы гісторыі»
Праграма ўключала сэрыю трэнінгаў і варштатаў для разьвіцьця лідэрскіх і камунікацыйных навыкаў, а таксама працу з асабістымі гісторыямі. Удзельніцы вучыліся публічным выступам, пісалі тэксты пра свой досьвед, рабілі фатаздымкі. Для многіх гэта стала сапраўднай тэрапэўтычнай практыкай.
Ідэю праекта удалося рэалізаваць дзякуючы фінансавай падтрымцы Эўразьвяза.
Адно з галоўных назіраньняў Ліліі — разрыў паміж бачным і рэальным. Жанчыны ў эміграцыі вядуць актыўнае жыцьцё: праекты, праца, дзеці, вывучэньне замежнай мовы.
Але за гэтым часта хаваецца траўма.
«Нам усім, хто тут пасьля 2020 году, патрэбная падтрымка і бясьпечнае месца, дзе можна проста размаўляць і падтрымліваць адна адну», — кажа яна.
Для Кацярыны Пытлевай удзел у праекце стаў магчымасьцю нарэшце сфармуляваць тое, што доўга заставалася невымоўным.
«Калі я зьехала зь Беларусі, я анямела. Я праходзіла праз такія цяжкія выпрабаваньні, як эміграцыя, хвароба, пераезд у новую краіну зь дзецьмі. Але я не магла гэта неяк для сябе сфармуляваць», — расказвае яна.
Праект даў ёй час і прастору, каб прайсьці гэты шлях:
«Агучыць і сфармуляваць для сябе ўсё, праз што я прайшла ў эміграцыі, — вось гэта быў асноўны вынік», — кажа Каця.
Кацярына Пытлева, удзельніца праекту
Тацяна, псыхоляг паводле адукацыі, прыйшла ў праект з разуменьнем таго, як працуе кантакт з іншымі людзьмі.
«Усе праблемы нараджаюцца ў кантакце аднаго з адным і гэтаксама вырашаюцца. Калі трэба нешта для сябе зразумець, то лепш за ўсё ісьці да людзей», — тлумачыць яна.
Вымушаная эміграцыя, на яе думку, «надае жыцьцю шэрае адценьне» — і менавіта таму так важна зьбірацца разам.
«У нас ужо сфармавалася супольнасьць жанчын, якія падтрымліваюць адну адну і дзеляцца сваімі гісторыямі», — кажа Тацяна Ігнацьева.
Тацяна Ігнацьева, удзельніца праекту
Што дапамагае ў выгнаньні
Валянціна кажа пра ўразьлівы стан, у якім аказваецца жанчына ў эміграцыі:
«Ты шукаеш розныя зачэпкі: новыя сацыяльныя сувязі, знаёмствы, нейкую інфармацыю, магчымасьці».
Прапанову далучыцца да праекту яна разглядала як нешта «цікавае, бясьпечнае, як тое, што можа падтрымаць».
Фатаздымкі і тэксты, якія можна ўбачыць на выставе, — гэта дакумэнтацыя досьведу: тое, што ўдзельніцы пакінулі ў Беларусі, тое, з чым сутыкнуліся ў Літве, тое, што іх злуе, трывожыць або дае апору. Лілія кажа, што адной з мэтаў было зрабіць гісторыі жанчын бачнымі — і для беларускай дыяспары, і для літоўскага грамадзтва.
Выставу можна бясплатна наведаць у прасторы «Кропка» (Savičiaus g. 6, Вільня) да 7 чэрвеня. Гісторыі ўдзельніц таксама апублікаваныя на сайце праекту «Нашы гісторыі».
Каляж