На Касьцюшкаўскім форуме у Гданьску Лех Валэнса атрымаў беларускую ўзнагароду, а Алесь Бяляцкі — польскую. ФОТА

Форум імя Касцюшкі ў Гданьску, прысьвечаны дэмакратыі ў Беларусі. Выступае Алесь Бяляцкі. 2 чэрвеня 2026 году

У Гданьску праходзіць 2-і Касьцюшкаўскі форум у падтрымку эўрапейскай будучыні Беларусі. Гэтым разам ён прысьвечаны ролі культуры ў змаганьні беларусаў за свае правы і стратэгіі вяртаньня Беларусі ў агульнаэўрапейскую прастору.

2 чэрвеня ў Гданьску пачаў працу 2-і Касьцюшкаўскі форум, арганізаваны Міністэрствам замежных справаў Польшчы і Эўрапейскім цэнтрам салідарнасьці.

Сярод запрошаных — беларускія дэмакратычныя палітыкі ў выгнаньні, ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і Лех Валэнса, віцэ-прэм’ер і міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі. МЗС Польшчы з нагоды форуму заявіла:

«Мы арганізуем Касьцюшкаўскі форум, перакананыя, што культура — гэта плятформа, на якой будуецца салідарнасьць паміж народамі і якая дае голас тым, хто патрабуе грамадзянскіх правоў. Больш за тое, гэта практычны інструмэнт для пабудовы даверу і доўгатэрміновых адносін паміж беларускімі палітычнымі і сацыяльнымі дзеячамі і іхнымі партнэрамі з Польшчы, Украіны, Літвы й іншых эўрапейскіх краін».

«Дзякуючы дыялёгу ў культуры дэмакратычная Беларусь становіцца гульцом у агульнаэўрапейскай прасторы супрацы, а не пустым месцам ці аб’ектам сучаснай палітыкі», — заяўляе Міністэрства замежных спраў Польшчы, арганізатар форуму.

«Гэта робіць Эўропу больш устойлівай да аўтарытарызму, умацоўвае эўрапейскую бясьпеку і становіць сабой інвэстыцыю ў агульную будучыню, заснаваную на ўзаемным даверы і адказнасьці», — лічыць МЗС Польшчы.

Форум праходзіць з удзелам віцэ-прэм’ера, міністра замежных справаў Польшчы Радослава Сікорскага, экс-прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы, палітыкаў з краін Эўразьвязу і Ўкраіны.

Сьвятлана Ціханоўская выступіла на форуме празь відэасувязь. Яна нагадала, што беларусы і палякі разам змагаліся за свабоду, вітала беларускіх палітвязьняў, якія выйшлі на волю, у тым ліку Алеся Бяляцкага, Анджэя Пачобута, і запэўніла, што працягвае змагацца за ўсіх палітвязьняў і рэпрэсаваных людзей у Беларусі.

«Як добра, што ў беларусаў і палякаў не было войнаў паміж сабою. Мы ніколі паміж сабой не ваявалі, не канфліктавалі. Мы шануем тых жа герояў. Адзначаем тыя ж сьвяты. Мы заўжды жылі дружна, як суседзі і сябры. У складаныя часы — падтрымлівалі адно аднаго. Разам паўставалі супраць расейскага прыгнёту. І гэты дух — дух польска-беларускай салідарнасьці — мы адчуваем і цяпер. Дзякуй! Давайце памятаць, што ніводная дыктатура не вечная. Усе тыраніі рана ці позна падаюць, а сувязі паміж людзьмі — застаюцца назаўжды», — заявіла Ціханоўская.

Яна выказала веру, што Ўкраіна пераможа ў вайне, а беларусы вернуць сабе свабоду.

Ад імя Аб’яднагага пераходнага кабінэту Павал Латушка абвясьціў пра ўручэньне Крыжа добрасуседзтва былому прэзыдэнту Польшчы Леху Валэнсу, ляўрэату Нобэлеўскай прэміі міру, які стаўся сымбалем мірнага змаганьня за свабоду супраць таталітарызму. Узнагароду на цырымоніі атрымаў ягоны сын Богдан.

Павал Латушка ўручыў Крыж добрасуседзтва для былога прэзыдэнта Польшчы Леха Валэнсы ягонаму сыну Богдану

Былы палітычны вязень, праваабаронца, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі на форуме быў угаранаваны «Ўзнагародай салідарнасьці і правоў чалавека» Эўрапейскага цэнтру салідарнасьці.

Алесь Бяляцкі. Гданьск, 2 чэрвеня 2026 году

У падзячным слове Бяляцкі згадаў прынцып усяго свайго жыцьця — салідарнасьць з усімі, чыю свабоду і годнасьць спрабуюць адабраць і зьняважыць, каштоўнасьці супольнай барацьбы з савецкім таталітарызмам і расейскім імпэрыялізмам народаў Польшчы й Украіны, Літвы й Беларусі. Ён заявіў:

«Узнагарода салідарнасьці й правоў чалавека» для мяне асабліва пачэсная. Салідарнасьць з усімі, чыю свабоду і годнасьць спрабуюць адабраць і зьняважыць, — гэта прынцып, якому я спрабую сьледаваць усё жыцьцё. Салідарнасьць у абароне фундамэнтальных правоў чалавека, у абароне вязьняў сумленьня і права народу на выбар свайго незалежнага шляху. Я нясу ў душы каштоўнасьці супольнай барацьбы з савецкім таталітарызмам і расейскім імпэрыялізмам нашых народаў — Польшчы й Украіны, Літвы й Беларусі. Цьвёрда ведаю: калі салідарнасьць перасягае нацыянальныя межы, яе немагчыма здушыць«.

Узнагарода Алеся Бяляцкага

Бяляцкі сказаў, што імёны папярэдніх ляўрэатаў Узнагароды — стваральнікаў і натхняльнікаў польскай «Салідарнасьці» — у 1980-я гады даходзілі да ўдзельнікаў беларускага незалежніцкага антыкамуністычнага руху праз загарадкі савецкай цэнзуры.

«Польская „Салідарнасьць“ для нас была сьведчаньнем таго, што супраціўляцца злу магчыма і трэба, што гістарычная перамога надыдзе. Для мяне стаць у адным шэрагу з вамі — і гонар, і вялікая адказнасьць, бо ў маёй краіне наша місія яшчэ ня выкананая».

Бяляцкі завершыў сваю кароткую прамову запэўненьнем:

«Але беларускі народ не зьмірыўся. Гэта засьведчылі беспрэцэдэнтныя падзеі 2020 году, дух якіх жыве. Беларусь абавязкова будзе вольнай, а правы й годнасьць кожнага чалавека ў ёй будуць непарушныя. За нашу і вашу свабоду! Жыве Беларусь! Niech żyje Polska!»

На Форуме таксама ўшанавалі жонку Алеся Бляцкага Натальлю Пінчук за яе ўласную барацьбу за дэмакратычную Беларусь.

Форум імя Касьцюшкі ў Гданьску, прысьвечаны дэмакратычнай пэрспэктыве Беларусі. 2 чэрвеня 2026 году

У працы форуму бяруць удзел таксама іншыя прадстаўнікі АПК, беларускіх дэмакратычных сілаў, дасьледнікі, грамадзкія дзеячы.

Першы міжнародны Касьцюшкаўскі форум у падтрымку дэмакратычнай будучыні Беларусі прашшоў у Гданьску 3–4 лютага 2025 году, ён быў прысьвечаны стратэгічнаму бачаньню вяртаньня Беларусі ў эўрапейскую сям’ю.

Падзеяй для беларускай супольнасьці і ўсіх зацікаўленых стане таксама адкрытая сустрэча з нобэлеўскім ляўрэатам Алесем Бяляцкім, якая адбудзецца 3 чэрвеня ў Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці (ECS) у Гданьску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Гданьску прайшоў Форум Касьцюшкі, прысьвечаны стратэгічнаму бачаньню вяртаньня Беларусі ў эўрапейскую сям’ю