Кампаніі з Расеі амаль на траціну нарасьцілі зьдзелкі на беларускай біржы. Пачалі купляць больш сельскагаспадарчых тавараў

Ілюстрацыйнае фота

Беларуская ўнівэрсальная таварная біржа (БУТБ) фіксуе адчувальны рост тавараабароту паміж Беларусьсю і Расеяй за пэрыяд з пачатку году.

Паводле зьвестак БУТБ, за студзень-травень 2026 году ўдзельнікі біржавых таргоў з Расеі заключылі зьдзелкі на агульную суму $498 млн. Гэта ажно на 29% больш, чым за аналягічны адрэзак 2025 году.

Асабліва моцна біржавы тавараабарот павялічыўся ў сэгмэнце аграпрамысловага комплексу — з $289 млн да $401 млн, піша Myfin.

Дзель сельскагаспадарчай прадукцыі ў агульным аб’ёме біржавога гандлю паміж Беларусьсю і Расеяй вырасла з 75% да 80%.

Сярод рэгіёнаў у аб’ёме тавараабароту наперадзе Маскоўская, Смаленская, Ленінградзкая, Омская вобласьці і Стаўрапольскі край. Асабліва прыкметна павялічыліся закупкі беларускіх сьметанковага масла, сухога малака, мясапрадуктаў, піламатэрыялаў і льновалакна. У імпарце з Расеі на біржы пераважалі мэталы і вырабы зь іх, змазачныя матэрыялы, палімэры, камплектацыя і запчасткі для абсталяваньня.

Па стане на 1 чэрвеня 2026 году на БУТБ былі акрэдытаваныя 5156 рэзыдэнтаў Расеі, што на 240 больш, чым у пачатку году.

Што гэта значыць?

Лічбы паказваюць далейшы рост зацікаўленасьці расейскіх пакупнікоў у беларускіх таварах. Прычынай гэтаму могуць быць украінскія ўдары па расейскіх НПЗ, якія справакавалі паліўны крызіс у Расеі і на акупаваных ёй тэрыторыях Украіны.

Як паведамляла газэта «Коммерсантъ», апошнім часам продаж беларускага паліва ў Расеі павялічыўся шматкроць.

«Аб’ёмы рэалізацыі беларускага бэнзіну на Пецярбурскай біржы ў траўні вырасьлі ў разы, нягледзячы на заўважную прэмію да ўнутраных цэнаў. На расейскім рынку захоўваецца недахоп прапановы праз сэзонныя і няплянавыя рамонты НПЗ і рост попыту. Аналітыкі лічаць, што імпарт дапаможа лякальна згладзіць недахоп, але не пакрыць усе страчаныя магутнасьці», — паведамляе выданьне.

18 траўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што «нафтаперапрацоўка таксама ўваходзіць у лік кірункаў для актывізацыі супрацы» і што Беларусь гатовая пастаўляць свой бэнзін у Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пасьля ўкраінскіх атак на НПЗ у Расеі ўвялі забарону на экспарт авіяцыйнай газы. Беларусі гэта не датычыць