Беларускага экс-палітвязьня не пусьцілі ў Грузію, дзе ён жыў, і выслалі ў Армэнію

Міжнародны аэрапорт Батумі

З батумскага аэрапорту беларуса адправілі ранішнім рэйсам у аэрапорт Ерэвану.

Апісаныя падзеі адбыліся 1 чэрвеня. Па прылёце ў мужчыны амаль гадзіну праглядалі беларускі пашпарт, аднак не пусьцілі ў Грузію, а адправілі назад у Армэнію, паведаміла Радыё Рацыя.

Гэты выпадак пракамэнтаваў праваабаронца Раман Кісьляк, які пасьля выезду зь Беларусі жыве ў Грузіі і дапамагае землякам у праўных пытаньнях.

«Адзін зь беларусаў, які жыў у Грузіі, быў затрыманы і дэпартаваны. Добра, што дэпартавалі ў Армэнію, а не ў Беларусь. Бо ў Беларусі яму пагражаў крымінальны перасьлед. Ён палітвязень».

Многія беларусы, якія жывуць у Грузіі, пасьля году пражываньня там выяжджаюць на некалькі дзён у суседнюю Армэнію, а затым вяртаюцца. Гэта так званы «візаран», пасьля якога ў Грузіі зноў можна жыць год. Раней гэты крок беларускія ўцекачы рабілі бесклапотна, аднак пасьля прыходу да ўлады партыі «Грузінская мара», якую называюць прарасейскай, становішча зьмянілася.

Што адбываецца зь беларусамі ў Грузіі?

Грузінскае заканадаўства зьмянілася, разам з іншымі грамадзянамі беларусаў затрымліваюць за нелегальнае знаходжаньне ў Грузіі і дэпартуюць. Беларусы, якім пагражае перасьлед на радзіме, апынаюцца перад небясьпекай вярнуцца ў сваю краіну і трапіць там у турму.

Раман Кісьляк канстатуе, што гэта ўжо ня першы выпадак зь беларусамі. Праваабаронца таксама ведае выпадкі, калі беларускіх грамадзкіх дзеячаў не пускаюць у Грузію, называючы іх «пагрозай нацыянальнай бясьпецы», аднак колькасьць такіх выпадкаў невялікая.

Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Грузіі знаходзіцца да сотні просьбітаў прытулку зь Беларусі. У 2025 годзе ўлады Грузіі адмовілі ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі.

У цэнтар часовага разьмяшчэньня пры Дэпартамэнце міграцыі МУС Грузіі летась накіравалі пяцярых беларусаў, шасьцярых выслалі з краіны, паведамлялі ў Нацыянальнай паліцыі Грузіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Мядовая пастка». Як беларусы завязаюць у Армэніі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Жыцьцё без дакумэнтаў. Што адбываецца зь беларусамі Грузіі, у якіх скончыліся тэрміны дзеяньня пашпартоў