Пашыньян адказаў Лукашэнку і Пуціну: Армэнія пакуль не зьбіраецца праводзіць рэфэрэндум што да ўступленьня ў Эўразьвяз

Нікол Пашыньян, архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян фактычна адказаў на ліст кіраўнікоў чатырох краінаў Эўразійскага эканамічнага зьвязу, у якім сьцьвярджалася, што «неабходна ў максымальна кароткія тэрміны правесьці ўсенародны рэфэрэндум у пытаньні далучэньня да Эўрапейскага зьвязу або далейшага знаходжаньня ў складзе Эўразійскага эканамічнага зьвязу», перадае Армянская служба Радыё Свабода.

«Да таго моманту, пакуль Армэнія афіцыйна не зьвярнулася з просьбай аб прыняцьці ў Эўрапейскі зьвяз або не знаходзіцца вельмі блізка да статусу кандыдата ў сябры Эўрапейскага зьвязу, правядзеньне якога-небудзь рэфэрэндуму ёсьць нелягічным, бо для гэтага няма падстаў», — адзначыў Нікол Пашыньян.

Раней пра неабходнасьць правядзеньня рэфэрэндуму ў Армэніі выказаліся Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка.

«Мы прасілі б нашых армянскіх партнэраў, сяброў... Прэм’ер-міністар Пашыньян сам пра гэта сказаў, што ён плянуе, лічыць правільным правесьці рэфэрэндум наконт таго, дзе павінна быць Армэнія: у ЭўрАзЭС ці ў Эўразьвязе. Мы прасілі б, каб гэта было зроблена як мага раней», — сказаў Пуцін.

Пашыньян жа заявіў, што Армэнія пакуль застанецца ў ЭўрАзЭС — разам з Расеяй, Беларусьсю, Казахстанам і Кіргізстанам:

«Мы працягнем спакойна, разважліва, бяз нэрваў, бяз сварак працаваць у Эўразійскім эканамічным зьвязе. Я перакананы, што ў нас яшчэ ёсьць патэнцыял у гэтым кірунку, які мы выкарыстаем у найбліжэйшай будучыні».

Напярэдадні віцэ-прэм’ер Расеі Аляксей Авярчук зноў нагадаў пра папярэджаньне Ерэвану наконт магчымага падаражэньня газу, і запярэчыў армянскім уладам, якія раней заявілі, што знойдуць альтэрнатыву.

«Мы вельмі добра ведаем сытуацыю на газавым рынку. Іншага газу, акрамя расейскага, там ніколі ня будзе. Усё пытаньне толькі ў тым, адкуль Армэнія будзе атрымліваць расейскі газ і якім пасярэднікам будзе плаціць», — адзначыў Авярчук.

Тэму расейскіх санкцыяў падтрымліваюць і ўдзельнікі выбараў у Армэніі. Лідэр блёку «Армэнія», другі прэзыдэнт Робэрт Качар'ян у размове з расейскім СМІ 1 чэрвеня заявіў, што разрыў адносінаў з Масквой будзе для Ерэвану проста катастрофай.

«Стаўкі цяпер значна вышэйшыя, чым проста парлямэнцкія выбары: размова ідзе пра замежнапалітычны курс Армэніі — ці аддаляецца Армэнія ад Расеі, ці захоўвае пэўную зьбалянсаваную палітыку? Наступствы вельмі сур’ёзныя, бо гэта паўплывае на эканоміку, бясьпеку Армэніі», — сказаў Качаран.

Што папярэднічала

28 траўня Нікол Пашыньян другі раз запар не прыехаў на саміт Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, які праходзіў у Казахстане.

На саміце нават прынялі заяву з нагоды плянаў Армэніі па выхадзе з ЭАЭС.

«Але рэч у тым, што такой праблемы пакуль няма. Кіраўніцтва Армэніі не заяўляла пра намер выйсьці з Эўразійскага саюзу. Ерэван афіцыйна падкрэсьлівае, што застаецца паўнапраўным сябрам ЭАЭС. Расея штучна нагнятае абстаноўку, а Лукашэнка ўсяляк падыгрывае Маскве, пужаючы армян нэгатыўнымі наступствамі дыстанцыяваньня ад Расеі», — адзначыў палітоляг Валер Карбалевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Армянскае пытаньне» сапсавала саміт ЭАЭС. Карбалевіч пра Лукашэнку ў Астане

Пра тое, што Армэнія будзе сябрам ЭАЭС і адначасова працягваць рэформы паводле эўрапейскіх стандартаў, Нікол Пашыньян сказаў і 27 траўня:

«Як толькі надыдзе час рабіць выбар, народ Армэніі зробіць гэты выбар. Мая вялікая заслуга ў тым, што народ мае альтэрнатыву, каб ніхто ня змог гаварыць: „Каму патрэбная Армэнія, куды яна дзенецца“».

Падобную фразу сказаў Аляксанадр Лукашэнка ў інтэрвію каналу «Россия» яшчэ ў жніўні 2024 году:

«Ну, каму армяне патрэбныя, акрамя нас? Нікому яны не патрэбныя. Няхай разьвіваюць сваю эканоміку і арыентуюцца на тое, што яны маюць. Якая Францыя, які Макрон? Заўтра ня будзе Макрона, і ўсе забудуцца на гэтую Армэнію», — сказаў тады Лукашэнка.

Нікол Пашыньян 27 траўня таксама заявіў, што Армэнія ня будзе залежаць ад аднаго газаправоду, маючы на ўвазе, відавочна, расейскі:

«Мы ня будзем спадзявацца на адну дарогу, на аднаго хаўрусьніка, на адзін трубаправод. У нас ёсьць чыгунка з Захаду на Ўсход, раней адкрылася чыгунка Ахалкалакі — Карс, а да таго адкрылася чыгунка праз тэрыторыю Азэрбайджану. Неўзабаве адкрыецца TRIPP (транзытны калідор праз Паўднёвы Каўказ, падтрыманы Злучанымі Штатамі. — РС), праз нашу тэрыторыю пройдзе газаправод. Мы за кошт гэтага транзыту будзем мець уласны газ. Мы будзем разьвіваць альтэрнатыўную энэргетыку», — сказаў Пашыньян.

29 траўня Аляксандар Лукашэнка адрэагаваў і на гэтыя словы:

«Вось хацелася б ведаць, навошта ён хлусіць сваім людзям. Якія трубы, адкуль гэтыя трубы будуць ісьці і хто гэты газ ім дасьць, і якія грошы будуць?» — сказаў Лукашэнка і падкрэсьліў, што Расея прадае Армэніі газ значна таньней, чым ён каштуе ў Эўразьвязе.

Ён таксама ўвязаў курс Армэніі на збліжэньне з Эўрапейскім зьвязам зь небясьпекай новай вайны.

«Армянам трэба быць вельмі акуратнымі, каб, барані божа, не паўтарыць тое, што адбылося ва Ўкраіне... Ва Ўкраіне ўсё акурат гэтак пачыналася. Вы гэта памятаеце. Каб яны, армяне, якія толькі што выйшлі з адной вайны, ня трапілі ў цяжкую сытуацыю ў сувязі з гэтым. Ня трэба сьпяшацца. Трэба проста падумаць, трэба быць мудрымі людзьмі. Перш чым рабіць такі крок, армянскаму народу вельмі сур’ёзна трэба падумаць. Вось адзінае, да чаго я іх заклікаю. Выкажа народ сваё меркаваньне — мы зь ім пагодзімся», — заявіў Лукашэнка, далучыўшыся да заклікаў Пуціна правесьці ў Армэніі рэфэрэндум.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пуцін і Лукашэнка перад самітам ЭАЭС узгаднілі пазыцыі наконт Армэніі. Што вядома