У Беларусі зноў вырасьлі заробкі ў дзяржаўным кіраваньні. Прыклад з вакансіяй начальніка ўпраўленьня ў Нацыянальным банку, дзе заробак 9356 рублёў дае разуменьне, што вышэйшыя чыноўнікі ў сыстэме відавочна не бядуюць. Начальнік упраўленьня — гэта не старшыня Нацбанку, не намесьнік старшыні і не фігура з тэлевізару, якую паказваюць пад сьцягамі і гербамі. Гэта кіраўнічая пасада ўнутры сыстэмы, тлумачыць у сваім матэрыяле газэта «Белорусы и рынок».
Для параўнаньня: сярэдні налічаны заробак у Менску ў красавіку склаў 3889,4 рубля. Гэта значыць, такая вакансія можа быць прыкладна ў 2,4 разы вышэй за сярэдні заробак у сталіцы.
Менск вядзе рэй у абсалютнай суме: амаль 5 тысяч рублёў. Але калі глядзець ня толькі на суму, а на разрыў са звычайнымі заробкамі ў рэгіёне, тады карціна робіцца яшчэ больш выразнай. І, што цікава, у правінцыі чыноўніцкі заробак асабліва ўзвышаецца над заробкамі ў іншых галінах. Газэта падае прыклады:
- У Берасьцейскай вобласьці сярэдняя зарплата ў дзяржаўным кіраваньні — 3761 рубель. Сярэдняя налічаная зарплата па вобласьці — каля 2610 рублёў. Розьніца — прыкладна ў 1,44 раза.
- У Горадзенскай вобласьці дзяржаўнае кіраваньне дае каля 3755 рублёў пры сярэднім заробку па рэгіёне каля 2650 рублёў. Розьніца прыкладна ў 1,42 раза.
- У Віцебскай вобласьці — 3727 рублёў супраць прыкладна 2519 рублёў па рэгіёне. Вышэй амаль у 1,48 раза.
- У Магілёўскай вобласьці — 3701 рубель супраць прыкладна 2472 рублёў. Разрыў амаль у 1,5 раза.
- У Гомельскай вобласьці — 3688 рублёў супраць прыкладна 2600 рублёў. Таксама больш як на 40%.
Таксама выданьне прааналізавала лічбы за красавік. Рэальныя заробкі дзяржаўных кіраўнікоў — гэта значыць ужо з улікам інфляцыі — вырасьлі год ва ўсіх рэгіёнах:
- у Менску: +17,7%;
- Горадзенская вобласьць: +15,7%;
- Віцебская: +15,2%;
- Гомельская: +14,4%;
- Менская і Магілёўская вобласьці: +13,9%;
- Берасьцейская: +12,1%.
З гэтых лічбаў газэта «Белорусы и рынок» робіць выснову, што дзяржаўнае кіраваньне ў Беларусі — гэта ўжо ня проста сфэра ўлады. Гэта асобны рынак працы з зарплатнай прэміяй. Прычым прэміяй не за вытворчасьць тавараў, не за экспарт, а за кіраваньне, кантроль, прыдумваньне новых пакараньняў і штрафаў.
Чаму гэта важна?
У Беларусі намінальны налічаны сярэдні заробак у красавіку 2026 году склаў 2 952,9 рубля — на 22,9 меней (-0,8%), чым у сакавіку, калі гэтая лічба складала 2 975,8 рубля.
Зьніжэньне намінальнага заробку зьяўляецца наўпроставым сыгналам пагаршэньня фінансавых умоў. У макраэканоміцы гэта сьведчыць аб праблемах у бізнэсе (крызіс або зьніжэньне прыбытку) або адміністрацыйных зьменах. Для працаўнікоў гэта азначае падзеньне ўзроўню жыцьця і ў выніку — пакупніцкай здольнасьці.
Парогам, які можа прывесьці ды крызісу, зьяўляецца падзеньне намінальнага налічанага заробку на 5–10 %.
Розьніца ў заробках і асабліва яе павелічэньне правакуюць незадаволенасьць людзей, якія робяць на працоўных спэцыяльнасьцях і агулам у бюджэтнай сфэры. Пакуль у краіне скарачаецца колькасьць школаў, а заробкі настаўнікаў амаль не растуць, чыноўнікі паляпшаюць свой дабрабыт. Таксама ўлады Беларусі прапагандуюць працу падчас летніх вакацыяў для маладых людзей, у тым ліку непаўналетніх. Сёлета ў Беларусі хочуць працаўладкаваць 150 тысяч маладых людзей. Гэта значна больш, чым раней. Летась, напрыклад, працаўладкавалі 60 тысяч.
Пры скарачэньні школаў і лякарняў у краіне расьце колькасьць камісій, якая «змагаюцца з экстрэмізмам». Пачынаючы з 2020 году, улады стварылі цэлую сыстэму розных структураў, куды ўваходзяць чыноўнікі, выкладчыкі ВНУ ды іншыя спэцыялісты. Свабода ў асобным матэрыяле расказвала пра гэтую разгалінаваную сыстэму.
Акрамя таго, улады ўжо шмат гадоў змагаюцца з так званымі «дармаедамі», якіх афіцыйна называюць «асобамі, не занятымі ў эканоміцы». Людзям, якія не працуюць афіцыйна, прыдумляюць усё больш спагнаньняў, у тым ліку ў аплаце камунальных паслуг. З 1 кастрычніка 2025 году, калі ўласьнік жыльля ўключаны ў сьпіс «не занятых у эканоміцы», то ўсе астатнія жыхары кватэры ці дому плацяць паводле павышаных тарыфаў.
Раней прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту ў эканамічных пытаньнях Аліса Рыжычэнка тлумачыла Свабодзе, якую долю ў бюджэце маюць падаткі і якім чынам фармуецца гэтая сыстэма. Яна тлумачыла, што ў Беларусі, насуперак словам чыноўнікаў і прапаганды, няма людзей, якія не занятыя ў эканоміцы. Нават калі хтосьці не працуе і ня плаціць падаходны падатак, ён купляе тавары, у кошт якіх ужо ўключаны ПДВ. А гэта й ёсьць аплата падатку.
Дзяржаўны бюджэт фармуецца больш чым на 80% з падатковых паступленьняў, з грошай, якія плацяць беларусы. Чыноўнікі часта кажуць, што дзяржава субсыдуе нейкія праекты. Насамрэч гэта людзі плацяць падаткі, і з гэтых грошай субсыдуецца ўсё астатняе.