Сустрэча Бяляцкага з Папам: чаму гэта важна для Беларусі

27 траўня папа Леў XIV прыняў ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, былога палітвязьня Алеся Бяляцкага і яго жонку Натальлю Пінчук.

27 траўня, пасьля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане папа Леў XIV прыняў ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру, былога палітвязьня Алеся Бяляцкага і яго жонку Натальлю Пінчук.

Пра тое, якое значэньне гэтая сустрэча можа мець для Беларусі, пагутарылі ў «ПіКу Свабоды» з прадстаўніцай «Хрысьціянскай візіі» Натальляй Васілевіч.

— Як стала магчымай сустрэча Алеся Бяляцкага з папам Львом XIV?

— Вядома, што гэтай сустрэчы чакалі даўно. Сам Алесь Бяляцкі казаў, што да яго даходзіла інфармацыя пра жаданьне Папы сустрэцца з ім, але з розных прычын, у тым ліку зьвязаных са здароўем пантыфіка і іншымі акалічнасьцямі, сустрэча адкладалася. Толькі цяпер, у траўні 2026 года, яна стала магчымай. Відавочна, што ў Ватыкане добра ведаюць, хто такі Алесь Бяляцкі. Ён Нобэлеўскі ляўрэат, вядомы праваабаронца, чалавек сусьветнага маштабу. Таму сама сустрэча выглядае цалкам лягічнай. Не было сакрэтам і тое, пра што Бяляцкі будзе гаварыць з Папам. Больш за трыццаць гадоў ён займаецца праваабарончай дзейнасьцю, абаронай чалавечай годнасьці, дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў беларусаў. Менавіта як праваабаронца ён быў запрошаны ў Ватыкан. Бяляцкі гаварыў найперш пра сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Алесь Бяляцкі чарговы раз зьвярнуў увагу на катастрафічны стан з правамі чалавека ў краіне.

Цікава, што літаральна за некалькі дзён да сустрэчы Папа Леў апублікаваў сваю першую энцыкліку — праграмны дакумэнт, прысьвечаны годнасьці чалавечай асобы. У ім гаворыцца пра тое, што чалавек не павінен ператварацца ў мэханізм ці інструмэнт і што яго годнасьць неабходна абараняць. У пэўным сэнсе гэта супадае з тым, чым усё жыцьцё займаўся Алесь Бяляцкі. Яго дзейнасьць таксама была скіраваная на абарону чалавечай годнасьці і фундамэнтальных правоў чалавека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Алесь Бяляцкі расказаў пра сустрэчу з папам Рымскім

— Якім можа быць практычны вынік гэтай сустрэчы?

— Сам факт сустрэчы ўжо мае значэньне. Важна, што ўвага да Беларусі яшчэ раз была прыцягнутая на найвышэйшым узроўні. Беларусь часта застаецца па-за фокусам увагі буйных міжнародных і геапалітычных гульцоў. Таму вельмі важна, каб пра нашу краіну, пра беларускі народ і пра яго праблемы ведалі ў Ватыкане і асабіста папа рымскі.
Таксама важна было данесьці чаканьні беларускай дэмакратычнай грамадзкасьці адносна той ролі, якую Сьвяты Пасад мог бы адыграць у пытаньні вызваленьня палітычных зьняволеных і спыненьня рэпрэсій. Гаворка ідзе не толькі пра перасьлед Каталіцкага Касьцёла ці іншых рэлігійных супольнасьцяў, але і пра рэпрэсіі супраць усяго беларускага грамадзтва. Безумоўна, адна сустрэча сама па сабе ня зьменіць сытуацыю. Але яна стварае дадатковую магчымасьць данесьці праўду пра Беларусь. Алесь Бяляцкі добра ўмее дакладна і пераканаўча тлумачыць праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы, а таксама тыя маніпуляцыі, якія ўзьнікаюць вакол беларускай тэматыкі на міжнародным узроўні. Важна было яшчэ раз падкрэсьліць, што беларускі народ не падтрымлівае вайну супраць Украіны. Расейскую агрэсію падтрымлівае рэжым, але не беларускае грамадзтва. Гэтая пазыцыя таксама павінна гучаць у міжнародных дыскусіях.

Мне здаецца, што сам факт такой сустрэчы сьведчыць: у Ватыкане ёсьць людзі, якія добра разумеюць беларускую сытуацыю і падтрымліваюць беларускую дэмакратычную супольнасьць. Гэта таксама знак таго, што ў Сьвятога Пасаду застаецца цікавасьць да беларускай праблематыкі і жаданьне ўдзельнічаць у гуманітарных намаганьнях.

Алесь Бяляцкі не раз узгадваў, наколькі важным для яго быў візыт тагачаснага апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроці падчас яго першага зьняволеньня. Ён таксама выказваў перакананьне, што Сьвяты Пасад адыграў пэўную ролю ў вызваленьні палітычных вязьняў у мінулым. Таму ёсьць надзея, што гэты дыялёг будзе працягвацца і што Ватыкан не забудзе пра Беларусь, працягваючы прыкладаць намаганьні дзеля падтрымкі беларускага народа і абароны чалавечай годнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Папа Рымскі Леў XIV меў гутарку з Алесем Бяляцкім. Нобэлеўскі ляўрэат перадаў яму пасланьне. ФОТА