Беларуска-літоўскі хор падрыхтаваў новую праграму па-беларуску, па-грэцку і па-лацінску, у тым ліку старадаўнія літургічныя сьпевы

Сымболіка гурта

Антычныя сьпевы Ўсходу і Захаду прагучаць неўзабаве ў Варшаве і Вільні. Паглядзелі, у чым унікальнасьць праграмы.

Lux Aeterna («Вечнае сьвятло») — новая праграма заснавага беларусамі хору «Артос».

Гэта бізантыйскі хор Канстантынопальскага патрыярхату, які базуецца ў Вільні. Новая праграма складаецца зь бізантыйскіх і грэгарыянскіх харалаў — двух падмуркаў эўрапейскай сакральнай музыкі, піша «Будзьма беларусамі».

У красавіку хор зь беларускіх і літоўскіх артыстаў зьбіраў поўныя цэрквы публікі на свае велікодныя імпрэзы ў Варшаве і Вільні.

Новая праграма ўвабрала літургічныя сьпевы IV — ХІІ стагодзьдзяў. Сьпевы выконваюцца па-беларуску, па-грэцку і па-лацінску. Адзначаецца, што на працягу стагодзьдзяў яны напаўнялі скляпеньні базылік і манастыроў.

Сярод іншага ў праграме імпрэзы прагучыць гімн Вялікага княства Літоўскага «Багародзіца», харал з Жыровіцкага манастыра і старадаўні літургічны сьпеў на арамейскай мове.

30 і 31 траўня хор выступіць у Варшаве ў касьцёле сьвятога Аляксандра.

Бізантыйскі хор «Артос» — адзін з творчых праектаў беларускага мужчынскага хору «Унія», які быў заснаваны ў Менску ў 1990 годзе. Цяпер хор базуецца ў Вільні, а ў ягоным складзе выступаюць беларусы і літоўцы. Мастацкі кіраўнік Павал Гонца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Беларускі гурт Kasary атрымаў узнагароду на фестывалі Польскага радыё «Новая традыцыя»


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Грошы на падтрымку кіраўніцы «Вольнага хору» Казіміроўскай сабралі за адзін дзень